З КЛОПАТАМ АБ СЯМ’І…

Общество

Па ініцыятыве сярэдняй школы № 1 райцэнтра адбылося пашыранае пасяджэнне каардынацыйнага савета па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння сям’і і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў сучасным сацыякультурным асяроддзі”.

Пасяджэнне адбылося ў форме круглага стала “Сям’я – наш агульны клопат”. Удзельнікамі сталі члены каардынацыйнага савета, прадстаўнікі дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый, настаяцель храма Святых Канстанціна і Алены протаіерэй Дзмітрый Агіевіч, педагогі школы і бацькі. Каб скаардынаваць работу ўсіх зацікаўленых арганізацый, устаноў і аб’яднанняў у даным накірунку, была распрацавана праграма “Мы разам”. Яе рэалізацыя дазволіць аб’яднаць дзеянні бацькоў, школы і грамадскасці на падставе агульнай педагагічнай пазіцыі. Усе ўдзельнікі пасяджэння ўнеслі канкрэтныя прапановы, якія былі ўключаны ў план мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы. Размова адбылася дзелавая.

Вынікам пасяджэння стала стварэнне клуба эфектыўных зносін “Мы разам”, мэта якога – прапаганда і распаўсюджванне лепшага вопыту сямейнага выхавання, рэабілітацыя сем’яў, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. У будучым плануецца стварыць на базе клуба і рэгіянальнае аб’яднанне “Клопат”, у якім бы сустракаліся, абменьваліся вопытам работы педагогі ўсіх школ горада і раёна, прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных і грамадскіх структур.

Людміла ДАВІДОВІЧ,

сацыяльны педагог СШ № 1 г. Валожына.

 



Добавить комментарий