СТРУНЫ ШЧАСЦЯ – ГЭТА ЖАНЧЫНЫ!

Официально

Такая трапная метафара, прысвечаная жанчынам, прагучала на раённым мерапрыемстве, дзе галоўнымі гераінямі сталі прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва – нашы мілыя жанчыны…

Раённая грамадская арганізацыя “Беларускі саюз жанчын” заўсёды стараецца заявіць пра сябе добрымі справамі. Прыемных клопатаў у яго старшыні – Зоі Мікалаеўны Дубіна, дабавілася і напярэдадні  8-га Сакавіка, бо праходзіла нямала акцый і святочных мерапрыемстваў.

Водарам вясны ад мілых твараў жанчын, ад іх прамяністых вачэй напоўнілася і малая канферэнц-зала, размешчаная на чацвёртым паверсе адміністрацыйнага будынка райвыканкама. Напярэдадні 8-га Сакавіка тут за святочным круглым сталом па ініцыятыве старшыні БСЖ сабраліся жанчыны-кіраўнікі розных арганізацый, устаноў, начальнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельвыканкамаў, лідары грамадскіх арганізацый.

З цудоўным веснавым святам прыйшоў павіншаваць удзельніц мерапрыемства і старшыня райвыканкама Уладзімір Антонавіч Наумовіч, яго “каманду” дапоўнілі і работнікі апарату райвыканкама, мужчыны, якія стаяць на чале пассельвыканкамаў, а таксама творчая група самадзейных артыстаў, якая ў той дзень спецыяльна складалася з адных мужчын.

Справядліва было заўважана, што статус жанчын у нашым грамадстве даволі высокі. Яны паспяхова працуюць у эканоміцы, розных сацыяльных сферах, на іх трымаецца сям’я, толькі побач з клапатлівымі мамамі адчуваюць сябе шчаслівымі дзеткі…

У час святочнай сустрэчы прагучала нямала слоў і аргументаў, якія пацвярджаюць, што гэты свет быў бы шэры і сумны без жанчыны, без яе бясконцай абаяльнасці, шчырага клопату пра іншых, яе зайздроснай працавітасці, яе таленту быць сапраўднай Маці. Не выпадкова празаічныя  віншавальныя выступленні дапаўняліся вершаванымі радкамі, напісанымі славутымі паэтамі. Свае ўзнёслыя вітанні адрасавала мілай аўдыторыі і паэтка з Валожына Валянціна Гіруць-Русакевіч. Шаноўных удзельніц сустрэчы віталі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Марына Аляксандраўна Іода, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Наталля Чарнышова і інш.

Гэта мерапрыемства стала прыкметнай паўзай у напружаным працоўным графіку жанчын раёна, якія, знаходзячыся на адказных кіраўніцкіх пасадах, разам са сваімі падначаленымі служаць адной высакароднай мэце – каб наша Беларусь прыгажэла, квітнела, славілася сярод іншых краін сваімі поспехамі. А што асноўны “брэнд” нашай рэспублікі – непараўнальная прыгажосць жанчыны – гэта ўжо аксіёма, якая не патрабуе доказаў…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий