Замест цыгарэты — цукерка

Общество

Напэўна, кожнага аматара цыгарэт блізкія і родныя не раз папракалі: “Лепш бы цукерку з’еў, чым пакурыў”. Гэту ідэю вынеслі на гарадскія вуліцы ўдзельнікі акцыі “Мы супраць курэння” – члены пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя.

“Узброіўшыся” двухкілаграмовым кулём ледзянцоў, 10 маладых людзей на чале з педагогам-арганізатарам сельгасліцэя Данутай Іванаўнай Аляксандравай і першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Наталляй Паўлаўнай Шчарбачэвіч прайшліся па цэнтральнай частцы горада. Час падабралі такі, калі людзі вяртаюцца з работы дадому, – 17 гадзін. Кожнага, хто сустракаўся з цыгарэтай, угаворвалі апусціць яе ў вялікую скрынку, што насілі з сабой, а ўзамен давалі цукерку. Былі і такія, хто выкідваў цэлы пачак, а хтосьці ўвогуле змалку не курыць – ледзянцоў хапіла на кожнага.

Выхад у горад стаў завяршальнай часткай акцыі, якая доўжылася ў сельскагаспадарчым ліцэі цэлы тыдзень. Там з ліку навучэнцаў былі назначаны дзяжурныя, якія сачылі і рабілі строгія заўвагі тым, хто спрабаваў курыць каля інтэрната і вучэбнага корпуса. Інфармацыя аб шкодзе курэння прагучала і на радыёвузле ўстановы адукацыі. Таксама ў рамках акцыі Д. І. Аляксандрава прачытала лекцыю для навучэнцаў, якія пражываюць у інтэрнаце.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий