Дзейсная мадэль развіцця агратурызму

Общество

Шматлікія тэхналагічныя дасягненні апошніх дзесяцігоддзяў хаця і зрабілі наша жыццё крыху больш камфортным, аднак мы ўсё часцей забываемся на рэчы, якія былі добра вядомы нашым продкам. “Усё новае – гэта добра забытае старое” – казалі калісьці. Навукова-практычны семінар, што адбыўся 15-16 лютага  на базе аграсядзіб Валожынскага раёна, пацвердзіў старадаўнюю прымаўку.

Два дні доўжыліся заняткі “Школы вясковага бізнэсу” – так называецца серыя мерапрыемстваў па распрацоўцы і ўкараненні паспяховых мадэляў развіцця бізнэсу на вёсцы, які ажыццяўляецца  ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння дзеля ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі”. Гэтым разам “навучэнцы” школы даследавалі вопыт Валожынскага раёна.

У першы дзень сваімі дасягненнямі дзяліліся гаспадары цікавых і паспяховых агратурыстычных аб’ектаў раёна – музея братоў Янушкевічаў ў Ракаве, экамузея “Свет пчол” у вёсцы Барок, экамузея “Брама ў Налібокі” сядзібы “Марцінова Гусь” у вёсцы Малая Люцінка, а таксама конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора” ў вёсцы Міжрэчча, загараднага клуба “Фестывальны” на хутары Арлоўшчына. Наведалі ўдзельнікі семінара і дом-музей народнага майстра Апалінарыя Пупко ў Івянцы.

На другі дзень на сядзібе “Ганка”, што месціцца ў вёсцы Эпімахі, адбыўся навукова-практычны семінар пад назвай “Стварэнне якаснага аграэкатурыстычнага прадукта Валожынскага раёна на аснове кластарнай мадэлі”, у якім узялі ўдзел гаспадары аграсядзіб Валожыншчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікі раённых адміністрацый, эксперты Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” і Белдзяржуніверсітэта.

Спакон веку на Беларусі існавала цікавая з’ява – у выпадках, калі нейкая жыццёвая задача была занадта маштабная, каб вырашыць яе сіламі аднаго чалавека або сям’і, збіралася талака. Талакою будавалі масты і гаці, аднаўлялі згарэлыя хаты, касілі і жалі. Праца была добраахвотнай, як бы сёння сказалі – валанцёрскай, і кожны бачыў у ёй не сродак хуткага заробку, а стратэгічную выгаду, прычым выгаду агульную. Сёння старадаўняя рэалія пачала вяртацца ў жыццё, часта пад новай “замежнай” назвай – кластар. Аднымі з першых зразумелі перспектыўнасць падобнага падыходу гаспадары аграэкасядзіб, не на словах адчуўшы перавагі супольнай дзейнасці на аснове кааперацыі і ўзаемадапамогі над “свабодным плаваннем”, замешаным на канкурэнцыі ды голым індывідуалізме.

Падчас семінара перад прысутнымі выступілі Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА “Адпачынак на вёсцы”, Анатоль Ганец, гаспадар сядзібы “Ганка”, Васіль Фралоў, гаспадар экамузея “Свет пчол”, Алесь Белы, гаспадар сядзібы “Марцінова Гусь”, Галіна Кашэўская, бізнэс-кансультант БГА “Адпачынак на вёсцы” а таксама Віктар Буры, дырэктар Гомельскага рэгіянальнага агенцтва эканамічнага развіцця.

Уражаныя валожынскай гасціннасцю ды рэальнымі поспехамі ў развіцці аграэкатурызму, удзельнікі вучобы раз’язджаліся дадому пад зіхаценне лютаўскага снегу і паэтычныя словы класіка, ператвораныя гаспадаром сядзібы “Ганка” ў песню: “Адпачывайце ў вёсцы, як у гасцінным доме, адпачывайце ў вёсцы на сене ды саломе”!

Гэтая “Школа вясковага бізнэсу” была арганізавана Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак на вёсцы” і інфармацыйна-асветніцкай установай “Новая Еўразія” пры падтрымцы Валожынскага райвыканкама. Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння дзеля ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі” рэалізуецца дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Фонда “Еўразія”.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий