Конкурс ваенна-патрыятычнай песні прайшоў у РЦК

Официально

Сёлета праграма гэтага традыцыйнага конкурсу складалася з 21-га пункта. За кожным – імя асобнага выканаўцы або вакальнага ансамбля. Сцэна Цэнтра культуры стракацела артыстамі розных узростаў: праявіць свае творчыя здольнасці пажадалі і вучні школ раёна, і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры, багата тут было прадстаўнікоў працоўнай моладзі, маладых педагогаў. Некалькі гадоў запар радуе слухачоў і вайсковая часць 30695, таленавітыя ваеннаслужачыя каторы раз паказваюць незаўраднае сцэнічнае майстэрства.

Прэтэндэнтаў на перамогу было шмат. І сапраўды, удзельнікі сур’ёзна падрыхтаваліся да дэманстрацыі сваіх нумароў. Для таго, каб стварыць адпаведны вобраз (а ў конкурсе “Вікторыя” выконваюцца песні пераважна на вайсковую тэматыку), многія ўдзельнікі выкарысталі разнастайныя мастацка-сцэнічныя сродкі. Журы нават разгубілася, калі надышла пара вызначыць пераможцаў. Але ўрэшце агучыла сваё рашэнне. Дыпломамі “За выканальніцкае майстэрства” былі адзначаны квінтэт настаўнікаў Ракаўскай сярэдняй школы, які пакарыў слухачоў “Малітвай”, ваеннаслужачы Дзмітрый Злотнікаў – гітарыст-прафесіянал выканаў песню “Поднимусь к небу белым голубем”, – а таксама настаўніца Івянецкай СШ Вольга Альшэўская з песняй “Офицерские жены”.

І глядацкая зала, і журы адзначылі душэўнасць і цеплыню, з якой пяцёра гімназістак з Валожына выканалі песню “Закаты алые”. Квінтэт атрымаў дыплом “За яркае адлюстраванне ваеннай тэмы”. Нягледзячы на тое, што з гэтай жа песняй выступіў і дуэт Івянецкага ГПДК, Анастасія Сімчук і Вікторыя Дайноўская здолелі па-іншаму перадаць накал пачуццяў. Яны таксама атрымалі Дыплом. А ў намінацыі “За яркае адлюстраванне тэмы Радзімы” перамогу святкавалі салістка Падбярэзскага СДК Ксенія Гурбан і вучаніца СШ № 1 райцэнтра Елізавета Самахвастоўская.

“Жанчына ў пагонах” – так называлася песня, якую некалі выканала знакамітая “фабрыкантка” Юлія Савічава. Салістка Гародзькаўскага СДК Кацярына Бартош для выступлення выбрала менавіта гэту кампазіцыю, і, трэба сказаць, выканала яе на выдатна. Заслужанай узнагародай стаў Дыплом “За прапаганду афіцэрскай песні”. Яшчэ адной дыпламанткай у гэтай намінацыі стала выхаванка Івянецкага Дома-інтэрната Марыя Грынкевіч. Вядома ж, глядацкія сімпатыі ў падобных конкурсах іграюць важкую ролю. Дыпломам з такім надпісам адзначана трыо з СШ № 2 райцэнтра ў складзе Юліі Пракаповіч, Марыі Борыс і Юрыя Зарубежнага, якія паланілі душы слухачоў песняй “Девичье сердечко”.

Ірына МАНДРЫК,

метадыст РЦК.

Фота Алены БАБРОВІЧ.

 



Добавить комментарий