ДАПАМОЖА ПРАФІЛАКТЫКА

Общество

Вірусныя гепатыты – гэта група распаўсюджаных і небяспечных для чалавека інфекцыйных захворванняў, якія даволі значна адрозніваюцца паміж сабой, выклікаюцца рознымі вірусамі, аднак маюць і агульную рысу – паражаюць у першую чаргу печань чалавека і выклікаюць яе запаленне. Таму вірусныя гепатыты розных відаў часта аб’ядноўваюцца пад назвай “жаўтуха” – па аднаму з найбольш распаўсюджаных сімптомаў гепатыту.

Эпідэміі жаўтухі былі апісаныя яшчэ ў V стагоддзі да н. э. Гіпакратам, але ўзбуджальнікі гепатыту былі адкрыты толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Паняцце “гепатыт” у сучаснай медыцыне можа абазначаць не толькі самастойныя захворванні, а і адзін з кампанентаў генералізаванага (гэта значыць, які закранае арганізм у цэлым) паталагічнага працэсу. Гепатыт (запаленчае паражэнне печані) магчымы як сімптом жоўтай ліхаманкі, краснухі, герпесу, СНІДу і некаторых іншых захворванняў. Існуе і таксічны гепатыт, да якога адносіцца, напрыклад, паражэнне печані пры алкагалізме. Аднак я хачу вам расказаць пра самастойныя інфекцыі – вірусныя гепатыты. Яны адрозніваюцца паміж сабой паходжаннем (этыялогіяй) і цячэннем, аднак некаторыя сімптомы разнастайных відаў данага захворвання падобныя паміж сабой.

ГЕПАТЫТ А – найбольш распаўсюджаны вірусны гепатыт, які перадаецца фекальна-аральным шляхам: з вадой, стравай або пры кантакце з чалавекам, які не прытрымліваецца норм гігіены. Асаблівасцю віруса з’яўляецца тое, што сімптомы хваробы павялічваюцца разам з узростам пацыента. Інакш кажучы, у дзяцей ніколі няма поўнай клінічнай карціны, жаўтуха часцей за ўсё развіваецца ў дарослых. Для прафілактыкі захворвання патрэбна пазбягаць вады з заражаных вадаёмаў, мыць рукі пасля туалета і вуліцы, падтрымліваць чысціню ў памяшканнях.

ВІРУС ГЕПАТЫТА В паражае клеткі печані. Ён устойлівы да фізічных і хімічных уздзеянняў і таму вельмі заразны. Вірус перадаецца палавым шляхам, пры пераліванні крыві, у цяжарных ад маці да плода, пры карыстанні заражанымі медыцынскімі інструментамі, пры сумесным карыстанні бытавымі рэчамі (зубнымі шчоткамі, брытвамі, сурвэткамі). Для прафілактыкі гепатыту В праводзіцца вакцынацыя нованароджаных, у матуль якіх знайшлі антыцелы, медперсаналу, пацыентаў, што атрымліваюць донарскую кроў. Каб пазбегнуць хваробы, трэба выключыць выпадковыя палавыя сувязі і наркотыкі, не карыстацца чужымі брытвамі, манікюрнымі наборамі.

Самая цяжкая форма гепатыту – ГЕПАТЫТ С, які ўпершыню выявілі пры пераліванні крыві. З таго часу донарскую кроў правяраюць на гэты вірус. Перадаецца вірус, як ужо было заўважана, пры пераліванні крыві і выкарыстанні нестэрыльных іголак, катэтараў. Ёсць выпадкі інфіцыравання медыцынскіх работнікаў, перадачы віруса палавым шляхам, ад маці да дзіцяці. Пакуль не існуе вакцыны супраць віруса гепатыту С, таксама як і метаду яго ранняй дыягностыкі. Шляхі прафілактыкі падобныя да прафілактыкі гепатыту В (акрамя вакцынацыі).

ГЕПАТЫТ D яшчэ называюць вірусам-паразітам, які не існуе без абалонкі віруса гепатыту В, з дапамогай яго і размнажаецца ў целе чалавека. Шляхі перадачы ў іх таксама падобныя: праз кроў пры медыцынскіх працэдурах, палавым шляхам, ад маці да плода. Вакцынацыя ад гепатыту В прадухіляе і інфіцыраванне гепатытам D. Праверка донарскай крыві таксама зніжае рызыку заражэння.

ГЕПАТЫТ Е, як і вірус гепатыту А, перадаецца фекальна-аральным шляхам. Пачынаецца хвароба паступова з расстройства стрававання, пагаршэння агульнага самаадчування, радзей – з кароткачасовага павышэння тэмпературы. Са з’яўленнем жаўтухі самаадчуванне хворых не паляпшаецца. Прафілактыка гепатыту Е заключаецца ў выкананні санітарна-гігіенічных норм, ачыстцы вадаёмаў, прафілактыцы гепатыту А. Спецыфічных мер прафілактыкі для гепатыту Е няма.

ГЕПАТЫТ G перадаецца праз кроў, як і гепатыт С, працякае таксама без сімптомаў, але не пераходзіць у хранічную форму. У спалучэнні з гепатытам С выклікае развіццё цыроза печані. Прафілактыкі з дапамогай вакцыны не існуе, паколькі яшчэ не вызначаны спосаб выяўлення антыцелаў да гепатыту G.

У Валожынскім раёне захворванне парэнтэральнымі віруснымі гепатытамі ў 2011 годзе зменшылася ў 5 разоў у параўнанні з 2010 годам. А захворванне віруснымі гепатытамі А і Е ў мінулым годзе наогул не зарэгістравана.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ “Валожынскі райЦГіЭ”.

 



Добавить комментарий