ВЯСНА ПРЫЙШЛА! ЧАС НАВОДЗІЦЬ ПАРАДАК!

Официально

Праз некалькі тыдняў клапатлівая маці-прырода пачне аздабляць зямлю першай зелянінай, ажывяцца дрэвы, кусты. Але і без рук людскіх немагчыма стварыць адпаведную эстэтыку наваколля.

І нам усім трэба дружна ўключыцца ў гэтую працу. Прыбраць двары ля ўласных дамоў, агледзіць палісаднікі, падумаць, як будуць выглядаць будучыя кветнікі, спланаваць разбіўку клумбаў, прывесці ў належны стан тэрыторыі каля гаспадарчых пабудоў.

На жаль, у горадзе Валожыне, ды і ў іншых населеных пунктах многія жыхары лічаць за норму выкідаць смецце, цвёрдыя бытавыя адходы там, дзе захочацца. Такой абыякавасцю наносіцца ўрон навакольнаму асяроддзю, груба парушаюцца ўстаноўленыя санітарныя нормы ўтрымання населеных пунктаў.

Восенню і зімой некаторыя гаспадары спілоўвалі старыя дрэвы, а прыбраць ствалы і галлё да гэтага часу, на жаль, не паклапаціліся.

Вясна – гэта пара, калі актыўна праводзяцца розныя рэйды, праверкі. Таму няўвага да добраўпарадкавання, ігнараванне ўстаноўленых санітарных правілаў утрымання прыватных сядзіб, а таксама тэрыторый прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў можа прывесці да вялікіх штрафных санкцый. Так што пра парадак трэба дбаць своечасова!

У раёне ў буйных населеных пунктах даўно арганізаваны цэнтралізаваны вываз цвёрдых бытавых адходаў. Складзены графікі абслугоўвання. Устаноўлены прымальныя тарыфы аплаты за аказаныя паслугі. Але некаторыя незаконапаслухмяныя грамадзяне любяць засмечваць навакольнае асяроддзе і не адчуваюць пры гэтым сваёй прамой віны. А гэта адміністрацыйнае парушэнне, якое караецца вялікімі штрафамі…

Трэба даўно ўзяць за правіла, што дровы, будаўнічыя матэрыялы, салому і сена, а тым больш выкінуты з хлявоў гной неабходна захоўваць толькі на перыферыйных участках сядзіб, а не навідавоку, паўз магістральных вуліц.

Навядзенне парадку на зямлі – масавая акцыя. Да гэтай справы павінны актыўна падключыцца не толькі прадпрыемствы, арганізацыі, але і кожны домаўладальнік, гаспадар кватэры гарадской шматпавярхоўкі. Паспрыяюць чысціні і традыцыйныя суботнікі.

Набліжаецца вялікае хрысціянскае свята – Пасха. І таму ўсе разам мы павінны паклапаціцца, каб і рукатворная чысціня навокал стварала сапраўдны святочны настрой.

Дык за работу! Дружную! Спорную! Плённую!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий