УЗРОСТ ШКОЛЬНЫХ АДКРЫЦЦЯЎ

Официально

Як з дапамогай соды надзьмуць паветраны шарык? Ці лёгка школьніку з кукалкі выгадаваць матылька? Якую небяспеку ўтойваюць у сабе чыпсы? Ці праўда, што з вінаградных слімакоў робяць лекі? Ці можна з макулатуры ў хатніх умовах зрабіць паперу ці пап’е-машэ? Чым карысны ёгурт? Як з дапамогай 38 папугаяў вымераць свой рост? 

На гэтыя і многія іншыя пытанні ведаюць адказы юныя інтэлектуалы, якія з’ехаліся ў Валожынскую СШ № 2 для ўдзелу ў I раённым конкурсе даследчых работ малодшых школьнікаў і дзяцей дашкольнага ўзросту “Я – даследчык”.

Прасторны калідор СШ № 2 ператварыўся ў пляцоўку для прэзентацый і гудзеў, як працавіты вулей. За чарадой сталоў 34 светлыя галавы – хто “сольна”, а хто ў тандэме з таварышам – прадстаўлялі на суд шматлікіх цікаўных свае работы. А іх на творчым спаборніцтве было заяўлена 27. Кожны мог зазірнуць за стол суседа, дазнацца аб нечым новым і зрабіць для сябе яшчэ адно адкрыццё. Тут правілі баль дзіцячая непасрэднасць і энтузіязм. Такія ўзаемакарысныя і прыемныя зносіны спарадзілі незвычайную энергетыку са знакам плюс.

Затым гэтая віхура дзіцячых эмоцый падзялілася на часткі. Праца працягвалася ў секцыях, сюды адправіліся маленькія даследчыкі, каб абараніць свае праекты перад строгім і патрабавальным журы. І тут я ўпершыню пашкадавала, што не магу, як гістарычны князь Усяслаў Чарадзей, з’яўляцца адначасова ў розных месцах. Калі ў секцыі “Дашкольная адукацыя” дзеці высвятлялі, як дыхаюць пакаёвыя расліны, то ў гэты ж час у секцыі “Гуманітарныя веды”, напрыклад, параўноўвалі рускія і англійскія народныя казкі аб жывёлах. Паралельна ў самай шматлікай секцыі “Матэматыка. Фізіка. Прыродазнаўства” вывучалі звычкі галубоў або распавядалі, з чаго зроблены фарбы, якімі Дзед Мароз малюе дзіўныя ўзоры на вокнах.

Педагогі падтрымлівалі сваіх маленькіх падапечных, а за кагосьці прыехалі “пахварэць” і бацькі: выступаць перад дарослымі і незнаёмымі людзьмі для юных даследчыкаў вельмі хвалююча. Асабліва цешыла, што многія дзеці абаранялі свае творчыя даследаванні на роднай беларускай мове.

Дарослыя натхніліся надзеяй, што хто-небудзь з гэтых дзяцей у будучым зможа праявіць сябе на рэспубліканскім узроўні і стане лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі. Адзін хлопчык мне ўпэўнена заявіў, што будзе вялікім вучоным-біёлагам. Мары існуюць, каб здзяйсняцца! Хіба не так?..

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *