25 гадоў стваральнага шляху ветэранскай арганізацыі

Официально

Капітал мудрасці, вопыту, жыццёвай разважлівасці ніколі не церпіць дэвальвацыі. Бо гэтыя каштоўнасці знітоўваюць пакаленні, звязваюць стагоддзі. Не выпадкова з непрыхаванай пашанай мы глядзім на людзей старэйшага пакалення, бо старонкі з іх кнігі жыцця заўсёды надзённыя і павучальныя. Вельмі правільна, што гэтыя людзі маюць і сваю супольнасць: пярвічныя арганізацыі паспяхова функцыянуюць у сельсаветах, Івянцы, горадзе Валожыне. Умела каардынуе работу раённы савет ветэранаў, які цяпер узначальвае Р. М. Русакевіч. А яго папярэднікамі ў свой час былі Д. Д. Сівы, А. І. Ластачка, М. М. Корабаў.

Не раз прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі ўдзельнічалі ў розных знамянальных раённых і рэгіянальных мерапрыемствах. Аднак такога шырокага прадстаўніцтва, як у аўторак, 13 сакавіка, не было даўно. Зала раённага Цэнтра культуры была цалкам запоўнена людзьмі старэйшага пакалення. Яны сабраліся на святочны сход, прысвечаны 25-годдзю заснавання ветэранскай арганізацыі.

Сярод паважаных гасцей – прадстаўнікі розных прафесій і сацыяльнай прыналежнасці, людзі ў мінулым шырокавядомыя ў раёне. Многія з іх займаліся грамадскай дзейнасцю, многія сваёй працай, інтэлектам, падзвіжніцтвам, наватарствам праслаўлялі не толькі свае калектывы, але і нашу Валожыншчыну. Рамкі славы і прызнання некаторых выйшлі за межы раёна: узяць, напрыклад, Героя Сацыялістычнай Працы Зою Макараўну Задору. Нельга назваць сціплымі і плады старання такіх кіраўнікоў як А. А. Пасека, які апошнія гады ўзначальваў адно з буйных будаўнічых прадпрыемстваў. Як было не ўспомніць колішняга дырэктара аўтапарка  № 14 Д. І. Шыяна, які не раз выводзіў калектыў аўтатранспартнікаў на лідарскія пазіцыі ў вобласці. Добрая слава раней, ды і цяпер таксама, гучала і пра райаграпрамтэхніку, шмат дзесяцігоддзяў кіраваў названым прадпрыемствам У. І. Глябовіч. У аграпрамысловым комплексе Валожыншчыны былі таксама свае маякі, гэта калгасы “Лоск”, “1 Мая”, саўгас “Падбярэззе”. Прызнаным аўтарытэтам карыстаецца і былы дырэктар Івянецкай кандытарскай фабрыкі Л. А. Вечар. Ён і цяпер поўны аптымізму і энергіі: шмат гадоў плённа кіруе гарпасялковай ветэранскай арганізацыяй. Словам, у кожным працоўным калектыве былі і ёсць людзі, чые прозвішчы, без перабольшання можна сказаць, залатымі літарамі ўпісаны ў летапіс раёна. Іх заслугі, іх праца, іх вопыт – гэта каштоўнасць нематэрыяльнага кшталту, якая звязвае пакаленне з пакаленнем. Гэта каштоўнасць, якая дапамагае маладым паслядоўнікам сталець прафесіянальна, загартоўвацца патрыятычна. Гэта каштоўнасць, якая стала яскравым сімвалам служэння Айчыне і ў ліхія саракавыя гады, і ў пасляваенную разруху, і ў перыяд вялікага энтузіязму стваральных пяцігодак.

Асаблівай пашанай з боку ўлады, сацыяльнай службы, вядома ж, акружаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, іх застаецца ўсё менш і менш. Сёння ў страі прадстаўнікоў легендарнага пакалення толькі 65 чалавек. Пра ветэранаў вайны, пра людзей працоўнай доблесці і славы шчыра гаварылі ў час урачыстага сходу многія: старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч (дарэчы ён уручыў групе ветэранаў Падзякі з нагоды юбілейнай даты), кіраўнік раённага савета ветэранаў Р. М. Русакевіч, старшыня РА “Белая Русь” Н. Чарнышова, першы сакратар РК “БРСМ”  Н.  Нямкевіч і інш.

Было прыемна, што адміністрацыя ўсіх буйных прадпрыемстваў і арганізацый горада таксама ўспомніла заслугі сваіх былых кіраўнікоў, на раённай сцэне ім уручылі каштоўныя падарункі.

Кожнаму шаноўнаму госцю свята СП “Івкон” ААТ спрэзентавала па наборы фірменных ласункаў. Узняла настрой ветэранам і змястоўная канцэртная праграма. Дарэчы, сярод самадзейных артыстаў таксама было нямала людзей, якія маюць пачэсны ветэранскі тытул, але сэрцам і душой яны заўжды маладыя. Ветэраны і сёння заражаюць сваёй неўтаймоўнай энергіяй, энтузіязмам, цікавасцю да ўсяго, што адбываецца ў нашым імклівым жыцці.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 

 



Добавить комментарий