Найбольш апладзіравалі Валожынцам

Общество

З чарговага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Кірмаш талентаў”, які адбыўся ў мінулыя выхадныя ў Мінску, работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” прыехалі з “серабром”. Мерапрыемства па традыцыі арганізуецца абкамам прафсаюзаў прадпрыемстваў мясцовай і камунальнай гаспадаркі. І хоць летась нашы самадзейныя артысты занялі тут першае месца, але і сёлетнім вынікам ганарацца па праву.

Кожны, каму хоць раз у жыцці даводзілася прымаць удзел у канцэртах ці спаборніцтвах, ведае, што найскладаней даводзіцца таму, хто на сцэну выходзіць першым. Менавіта пад такім нумарам выступалі нашы камунальнікі. Не разгубіліся, амаль не хваляваліся і “адкаталі” конкурсную праграму без сучка і задзірынкі. Больш ніхто з канкурэнтаў не здолеў сарваць такі шквал апладысментаў, як валожынцы. Члены журы (а гэта былі спецыялісты ўніверсітэта культуры з кафедры народнай творчасці), забыўшыся, што трэба заставацца непрадузятымі, ад душы смяяліся, пляскалі ў далоні і нават не хацелі адпускаць нашых артыстаў. Уразіла гледачоў і разнастайнасць праграмы: вакальныя нумары, як сольныя, так і ансамблевыя, танец “Пакроўскі базар”, сцэнічная пастаноўка “Улезлі куры ў агарод”, адказнасць за размоўны жанр узяў на сябе аўтар цудоўных вершаў сантэхнік Аляксандр Кулак. Выгадна вылучалася сярод іншых выступленне нашых камунгасаўцаў і сюрпрызам у выглядзе прэм’еры песні, якой стаў твор “Налібоцкая пушча” на словы А. Кулака і музыку яго дваюраднага брата Юрыя Судака ў аранжыроўцы інжынера-электрыка Аляксея Бібіка. Усе восем нумароў валожынскіх артыстаў прайшлі на ўра, а найбольш захаплення выклікала выступленне станочніка Яўгена Шабаля з песняй “Горе не беда”. Адзначалася і тое, што камунгасаўцы паклапаціліся пра касцюмы, пра стылістычную вытрыманасць праграмы.

Конкурс пацвердзіў: сапраўдныя таленты можна выявіць і ў асяроддзі, далёкім ад творчасці, а сваёй “хвіліны славы” заслугоўвае амаль кожны. Для гэтага патрэбна толькі імкнуцца, ну і, пажадана, мець такога кіраўніка прафкама, як Аляксандр Сцяпанавіч Бяляўскі. У многім дзякуючы яго апантанасці калектыў жыве насычана, дабіваецца высокіх спартыўных і культурных дасягненняў.

Вялікай падзякі, бясспрэчна, заслугоўваюць работнікі культуры, якія дапамаглі РУП “Валожынскі жылкамунгас” цудоўна падрыхтавацца да мерапрыемства. У першую чаргу словы ўдзячнасці кіраўніцтва і прафкам прадпрыемства адрасуюць акампаніятару Алене Лаўрыновіч і метадысту РЦК Яўгеніі Шаламіцкай.

Застаецца толькі парадавацца за камунальнікаў і, магчыма, трохі пазайздросціць той жыццёвай актыўнасці, пра якую многа гавораць, але так мала на самай справе робяць для яе рэалізацыі.

Алена ЗБІРЭНКА.

фота Віталія КОЎРАХА. інжынера-энергаменеджара РУП “Валожынскі

жылкамунгас”



Добавить комментарий