ДЗЕЦІ ПРЫЕХАЛІ!

Культура

Сын і дзве дачкі, хоць ужо і дарослыя, назаўсёды застаюцца для бацькоў дзецьмі. Па іх сумуюць, іх чакаюць у госці не толькі раз на тыдні. А вырвацца дадому ім удаецца, хіба што, раз у месяц, а то і радзей.

І старых гэта вельмі засмучае. Ім і цяпер здаецца, што без бацькоўскай матэрыяльнай дапамогі ў горадзе прыходзіцца вельмі цяжка. Таму, жывучы ў вёсцы, абавязкова гадуюць некалькі свіней, трымаюць кароўку, каб сабраць тваражку, мець брус жоўтага апетытнага масла. Дзеці нярэдка папракаюць сваіх продкаў: “Ну годзе ўжо працаваць! Адпачывайце! Мы самастойна пражывём…”

Аднак руплівыя бацькі прывыклі шчыраваць па гаспадарцы, ды і бачаць, што ўсе плады іх нястомнай працы хутка разыходзяцца, нічога не змарнуецца. Бацькоўскі гасцінец ніколі не бывае лішнім, хоць сын і дочкі жывуць у сталіцы досыць заможна. Сэрца маці з гэтага толькі цешыцца.

…Зарэзалі нядаўна вясковыя гаспадары адкормленага гадавога кабана, ды і цяля таксама пусцілі пад нож. Пазванілі любімым дзеткам у Мінск, каб тэрмінова прыязджалі за свежым мясам. Маці з бацькам свядома не сталі размяркоўваць, каму што ўзяць. Бярыце, маўляў, хто колькі хоча, бо для вас, даражэнькіх, стараліся. Дзеткі, не бянтэжачыся, спрытна набівалі сумкі свежанінай, ведаючы, што бацькі ім заўсёды хочуць шчыра падсобіць розным правіянтам. Але сын і дочкі глядзелі не толькі ў свае гаспадарчыя сумкі, якія цяжэлі на вачах, а старанна цікавалі і па баках. Кожны сабраны пажытак свежаніны на вока ўзважвалі: хто і колькі ўзяў, ці не “перастараўся” раптам. Часам раздаваліся кплівыя рэплікі, злыя намёкі і рэзкія папрокі. У выніку брат і дзве сястры перасварыліся паміж сабой. На нечаканы лямант у сенцы зазірнула ўстрывожаная маці. Дзеці тут жа прыкусілі языкі. Але яна пра ўсё даўмелася з першых хвілін…

Перад далёкай дарогай у той вечар за агульны стол дзеці, як звычайна, не захацелі садзіцца. Усе хадзілі насупленыя, як восеньскія хмары. Стомленая маці выйшла ў двор, дзе стаялі тры легкавыя машыны, каб праводзіць дзяцей. Ражком хусткі змахнула з твару няпрошаныя слёзы. Адварочвалася, нібы ад халоднага ветру, бо хацела, каб сын і дочкі не заўважылі яе панылага настрою. Праслязілася не толькі таму, што прыходзіцца развітвацца з дарагімі дзеткамі. Горка было на душы і ад неспадзяванага адчування таго, што ці то чэрствасць, ці то хцівасць паміж яе сынам і дочкамі пасялілася. І сябе саму маці суцяшала-супакойвала нясмелай і балючай здагадкай: “Відаць, вялікі горад зрабіў іх такімі…”

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий