НЕ РАЗМІНУЦЦА СА ШЧАСЦЕМ

Культура

Пад густымі вейкамі схаваны прыгожыя выразныя вочы. Рысы твару вытанчаныя, арыстакратычныя. Мілавідны выгляд гэтай дзяўчыны заварожвае з першых хвілін. Цікаўныя равесніцы цесна абступілі Таццяну з усіх бакоў.

Ужо па доўгай чорнай вопратцы з бялюткім каўнерыкам бачна, які шлях выбрала Таццяна ў сваім маладым жыцці. Дзяўчаты з непрыхаванай дапытлівасцю глядзелі на сваю субяседніцу, у іх галовах узнікала нямала самых розных пытанняў. Улічваючы далікатнасць сітуацыі, не пра ўсё рашаліся распытваць. Самая бойкая Настасся ўсё ж пацікавілася: “Ці ўзнікала калі-небудзь у Таццяны жаданне ўдала выйсці замуж?” Адчувалася, што дзяўчына марудзіла з адказам. І потым распавяла, што яе лёс падобны на многія іншыя. Скончыла школу з залатым медалём. Затым Белдзяржуніверсітэт. А потым паступіла ў аспірантуру. Калі “задача мінімум” была выканана, наспеў час падумаць і пра замужжа. Таццяна была чалавекам веруючым. Таму ў сваіх шчырых малітвах прасіла Бога паслаць ёй жаніха прыгожага, разумнага, высокага росту, добрага, чулага сэрцам і г. д. Усёй сваёй светлай дзявочай душой пеставала яна гэту запаветную мару, хаця і разумела, што наўрад ці знойдзецца чалавек, якога можна назваць ідэальным.

Сустракаліся ў яе жыцці высокія, але не надта прывабныя. Сустракаліся прыгожыя, але не раз дзяўчына натыкалася на “калючкі” іх характару… Але Таццяна працягвала чакаць свайго рыцара, бо ў душы па-ранейшаму верыла, што ёсць, абавязкова ж недзе ёсць такі ідэальны чалавек. І вера, малітва дапамаглі знайсці ёй свой адметны шлях да шчасця. Аднойчы яна адчула ў сэрцы пакліканне да Бога і нечакана для бацькоў вырашыла стаць сястрой-законніцай. Такіх дзяўчат у хрысціянскім свеце не выпадкова называюць “хрыстовы нявесты”, іх зямным удзелам назаўсёды становяцца манастары.

Дзяўчаты з цікавасцю і нейкай светлай радасцю слухалі шчыры аповед прыгажуні Таццяны, і па-ранейшаму працягвалі спадзявацца, што яны абавязкова сустрэнуць ідэальнага спадарожніка ў сваім жыцці. Незвычайны паварот лёсу Таццяны, яе эмацыянальны расказ пераканалі, што ў сваё зямное шчасце трэба аддана верыць, і тады з ім ніколі не размінешся.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий