ГІСТОРЫЯ ВІШНЕЎШЧЫНЫ ЦЕСНА ЗВЯЗАНА З РОДАМ ХРАПТОВІЧАЎ

Культура

На пачатку XV стагоддзя князь Вітаўт, будучы князем Гродна, праявіў сябе як здольны высокаадукаваны палітычны дзеяч, да таго ж ён меў добрую падтрымку з боку караля Рэчы Паспалітай. Вітаўт шырока распаўсюджваў хрысціянства, больш за ўсё паважаў пратэстантаў. Выдаў загад на пабудову святынь, пераважна пратэстанскіх, у буйных і дробных мястэчках, у тым ліку распарадзіўся пачаць у Вішневе будаўніцтва драўлянага касцёла.

ПРАЦАВАЛІ ТАЛАКОЙ

У 1424 годзе пры яго падтрымцы і дапамозе пачаліся работы па ўзвядзенні пратэстанцкага касцёла ў Вішневе, так як насельніцтва тут было пераважна пратэстанцкім. На пабудову быў спецыяльна выдзелены лес. Вопытныя цесляры выбіралі бярвёны моцных парод, інакш храм не прастаяў бы 213 гадоў. Касцёл будавалі людзі з усёй Вішнеўскай акругі, працавалі ахвотна, без прымусу. Храм быў “карацейшы” за існуючы, прыкладна на 5 метраў, але ў ім таксама былі хоры (балкон) і месца музычнага суправаджэння, якім карысталіся ў час службы.

Касцёл служыў Вішневу 176 гадоў, як пратэстанцкая святыня. У 1600 годзе граф Адам Храптовіч купіў Вішнева і яшчэ 5 вёсак – Анцэлеўшчыну, Ганчары, Букатова, Алянава, Галянова. А затым яго ўладанні ўсё пашыраліся і пашыраліся.

СКАСАВАЎ ПРАТЭСТАНСТВА

А. Храптовіч ва ўсіх вёсках скасаваў пратэстанцтва, у тым ліку і ў Вішневе, і ўвёў каталіцызм. Да 1624 года граф скупіў усе вёскі на адлегласці 10 кіламетраў ад Вішнева, у тым ліку і маёнтак Славенск. Парафій ніякіх не існавала, бо на 20-30 кіламетраў ад Вішнева не было касцёлаў. У пушчанскім масіве Андрывонж А. Храптовіч пабудаваў з каменя сваю рэзідэнцыю, дзе прымаў знакамітых людзей, якія прыязджалі на паляванне, адпачынак, пагуляць у карты і, вядома ж, прапусціць па кілішку. Тут знаходзілася і лясніцтва. Зазначу, што род Храптовічаў трымаў Вішнева 316 гадоў. Драўляны касцёл неўзабаве прыйшоў у заняпад. Ужо абжыўшыся, Храптовіч вырашыў на гэтым месцы будаваць каменны касцёл за ўласныя сродкі, можа таму і зрабіў пад касцёлам пахавальню, дзе ён спачывае і па сённяшні дзень.

Будаўніцтва храма пачалося ў 1637 годзе і закончылася ў 1641. Алтары рабілі ў Вільні, у Вішнева іх дастаўлялі 6 фурманак. Новы касцёл будавалі па падабенству старога, праўда, ён быў на 5 метраў карацейшы.

У 1901 годзе святыню вырашылі падоўжыць, для гэтага заднюю сценку разабралі, а сцены для трываласці ўмацавалі металічнымі сцяжкамі. Задняя частка была дабудавана.

ІХ МІЛАГУЧНЫ ГОЛАС

Званіца заставалася драўлянай, а сучасную каменную пабудавалі ў 1829 годзе, прымацавалі тры званы, якія мілагучным звонам у нядзелю і святы склікалі парафіян на багаслужэнні. У будзённыя дні званы апавяшчалі аб тым, што нехта з парафіянін адышоў у іншы свет, гэта абавязвала да малітвы за памерлага.

У 1950 годзе званы замоўклі, свой голас яны падалі толькі ў 1991 годзе, калі пачалося рэлігійнае адраджэнне. Каля касцёла пастаўлены два высокія дубовыя крыжы, адзін узведзены ў 1910 годзе ў гонар Божай перамогі над цяжкай хваробай таго часу – халерай. Другі крыж пастаўлены ў памяць аб місіі, якая праходзіла летам 1928 года, бо многія пахіснуліся ў веры Божай. Таму святары, прайшоўшы двухгадовую падрыхтоўку, навучалі людзей Евангеллю.

У 1947 годзе пад кіраўніцтвам святара Станіслава Міхальскага была пабудавана капліца (з боку ракі) для скульптуркі Маці Божай (да 1 метра ў вышыню).

Пад покрывам ночы скульптурку ўкралі і ўтапталі ў бруд. Але жанчыны адшукалі фігурку, ачысцілі яе і паставілі на месца. Людзі і сёння прыходзяць да Маці Божай, выпрошваюць ласку і дапамогу.

АДРАДЖЭННЕ КРЫНІЧКІ

У пару атэізму знішчылі і крынічку, якая выцякала з-пад касцёла і паіла людзей сваёй гаючай вадзіцай. І толькі ў 2009 годзе ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк з Мінска вярнуў яе да жыцця.

…У той час калі набліжалася Першая сусветная вайна, каб уратаваць касцельныя рэліквіі, было вырашана алтары, фігуры, абразы, усё, што магло быць знішчана, вывезці на конях у Вільню, а праз 4 гады такім жа чынам маёмасць была вернута. Мой сусед таксама ездзіў на сваім кані ў Вільню і дапамагаў у дастаўцы касцельнай спадчыны.

За існаванне касцёла шмат святароў працавала ў ім, але, на жаль, няшмат звестак захавалася. Вядомы два святары з 19-га стагоддзя, гэта Юльян Магкілевіч (памёр у 1839 годзе) і Юрый Ашчэглінскі (памёр 12 мая 1855 года). Абодва пахаваны на Вішнеўскіх могілках. Больш не захавалася звестак, якія тычацца 19-га стагоддзя.

ГАРТАЮЧЫ ХРОНІКУ

Дакладная касцельная хроніка пачынаецца з 1901 года. У храме служылі святары Пётр Бертусліс, Станіслаў Сівіцкі (памёр 18.06.1915 года), Юльян Бязувка, Павел Багінскі, Томаш Жаброўскі (у 1940 годзе быў высланы ў Сібір, там памёр у 1955 годзе), Аляксандр Апалінскі (памёр 21.09.1941 года, пражыў 47 гадоў), Зыгмунд Мялькоўскі (у 1943 годзе расстраляны немцамі ў Валожыне за тое, што даў куль солі партызанам).

Два гады ў Вішнеўскім касцёле не было ніякага святара. Прыязджаў святар з Багданава, але рэдка, відаць, баяўся акупацыйнай улады. Каму патрэбна было пахрысціць дзіця ці ўзяць шлюб, ехалі ў Багданава. Летам 1945 года ў касцёл прыехаў ксёндз Станіслаў Міхальскі (памёр 25.12.1950 года), Уладзіслаў Чарняўскі (служыў тут з 8.12.1953 года, памёр 22.12.2001 года). На ім, вобразна кажучы, і скончылася ХХ-ае стагоддзе.

XXI-ае стагоддзе ў Вішнеўскім храме распачаў святар Уладзіслаў Шышла, выпускнік Гродзенскай духоўнай семінарыі, які раней служыў у Мінску ў Чырвоным касцёле. Прабыў У. Шышла 9 гадоў і летась быў пераведзены ў іншае месца. На змену яму прыехаў выпускнік 1999 года той жа духоўнай семінарыі – Юзаф Мельдзюк, які працуе тут сёння.

Вішнеўскі касцёл наведвалі высокія духоўныя асобы. У 1935 годзе касцёл наведаў біскуп Ябжылонскі Віленскага біскупства да якога належаў касцёл. Для спаткання біскупа былі падабраны шэсць маладых мужчын на прыгожых конях, а каб коні былі падобныя, то іх заднія ногі перавязалі бінтам на 20 сантыметраў вышынёй. У вёсцы Альшанка конны эскорт спаткаў машыну, у якой ехаў біскуп, і суправаджаў яго аж да мястэчка.

Летам 2002 года я меў спатканне з біскупам Кірылам Клімовічам у Мінскай катэдры па пытаннях касцёла. Пасля біскуп прызначыў час свайго візіту ў Вішнева. Кардынал Казімір Свёнтак прыязджаў да нас на пахаванне Уладзіслава Чарняўскага. У канцы 2010 года прыязджаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, каб асвяціць крынічку, якую вярнулі да жыцця. Усе высокія асобы былі спатканы і прыняты згодна з хрысціянскімі каталіцкімі звычаямі.

НА ДУХОЎНАЙ НІВЕ

Каля касцёла стаіць пяць помнікаў, чатыры – па святарах, якія працавалі і памерлі тут, адзін, самы вялікі, з літай чыгуннай агароджай, належыць Адаму Храптовічу, які спачывае ў пахавальні пад касцёлам.

Неабходна ўзгадаць і прозвішчы людзей, якія праз усё жыццё шчыра падтрымлівалі касцёл. Гэта Базыкі, Вайніцкія, Юшы, Біталі, Маркоўскія, Трыпуцькі, Садоўскія, Пялейкі, Бурачэўскія, Грыбоўскія, Гардынцы.

Няхай не крыўдуюць тыя, хто застаўся “за кадрам”, бо стужка памяці кароткая, яна ўсіх не можа ўмясціць…

У трыццаці метрах ад брамы-званіцы некалі стаяў дом святара і абслугі. Дом быў вялікі, прывабна аздоблены. У мястэчку было шмат харошых яўрэйскіх дамоў. Але дом святара быў найлепшы. Нездарма нямецкія ўлады ў 1943 годзе, забіўшы ксяндза, зрабілі ў гэтым будынку казарму для сваіх салдат, а калі прыйшлося ўцякаць, дом спалілі.

Парафіяне ўзяліся за пабудову новага дома, але ўжо на новым месцы, на супрацьлеглым баку. У ім жыў святар Міхальскі, пасля яго смерці ў гэтым доме размясцілася пачатковая школа. Праіснавала яна 19 гадоў, затым пабудавалі новую каменную. Пасля тут зрабілі дзіцячы садок, а ў 1992 годзе аддалі дом законнаму гаспадару, тут і сёння пражываюць святары.

Напісаў гэта ўсё, бо ўпэўнены, што маладое пакаленне не ведае поўнай гісторыі мястэчка. Напісаў, хоць і нялёгка было пісаць, бо ўжо і памяць не тая, і рукі не слухаюць. Пісаў на падставе архіву, касцельнай літаратуры і расказаў дзядоў і прадзедаў, якія з пакалення ў пакаленне дайшлі да нас.

Эдвард ДОВАЛЬ,

вёска Запур’е.

 



Добавить комментарий