ЧАЛАВЕК ГОДА МІНШЧЫНЫ ЖЫВЕ Ў ВАЛОЖЫНЕ

Официально

Слаўная традыцыя віншаваць прадстаўнікоў самых розных сфер, чые прафесіянальныя дасягненні і актыўная пазіцыя заслужылі прызнанне ў грамадстве, атрымала зачын у сталічным рэгіёне ў мінулым годзе. Адным з намінантаў у ганаровай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Мінаблвыканкама “Чалавек года Міншчыны”, якая сёлета праходзіла ў горадзе Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна, стаў дырэктар  Валожынскага філіяла ДП “Мінаблпаліва” Міхаіл Ігнацьевіч Радына.

На маштабнае мерапрыемства, дзе віталі лепшых з лепшых, нашага заслужанага кіраўніка суправаджала дэлегацыя ад раёна, узначаліў якую старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Гасцінная Пухавіччына сустрэла зразумелым ажыятажам: у прасторным фае Мар’інагорскага цэнтра культуры давялося пацясніцца, каб даць магчымасць трапіць на ўрачыстасць усім, хто прыехаў падтрымаць і парадавацца за сваіх перадавікоў. Як і ў мінулым годзе, сёлета абласны выканаўчы камітэт вызначыў 20 пераможцаў у трох намінацыях: вытворчая, грамадска-палітычная і невытворчая сферы. Адбор намінантаў вёўся строгі і пільны: у залік ішлі эфектыўнасць працы кожнага кандыдата, яго аўтарытэт і маральныя якасці. Старшыня Мінскага аблвыканкама Б. В. Батура, які з гонарам выканаў пачэсную місію ўзнагароджання, падкрэсліў важнасць гэтых велічных хвілін. Прэстыжная прэмія “Чалавек года Міншчыны” зацверджана як прызнанне асобых заслуг людзей, якія сваёй плённай працай унеслі вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, актыўна ўкараняюць у вытворчасць інавацыйныя ідэі і перадавыя тэхналогіі, а таксама тых, хто праявіў сябе ў грамадскай дзейнасці. Як зазначыў Барыс Васільевіч, гэта тыя, дзякуючы каму Мінская вобласць сёння можа пахваліцца галоўным паказчыкам – валавым рэгіянальным прадуктам, тэмп росту якога ў 2011 годзе склаў 106,6 працэнта.

Як справядліва заўважыў Барыс Васільевіч падчас цырымоніі ўзнагароджання, галоўнае – не тое, кім ты працуеш, а чаго ў сваёй працы дасягнуў: пабіў рэкорд, прадпрыемства ў лідары вывеў, чалавека выратаваў ці проста добра вучыш дзяцей. Лаўрэаты ж, у сваю чаргу, аднагалосна падкрэслівалі, што гонарам знаходзіцца на гэтай сцэне яны абавязаны не толькі ўласнаму старанню, але і ўсёй зладжанай, мэтанакіраванай рабоце калектываў, дзе яны працуюць. Зразумела, атрыманае званне будзе добрым стымулам старацца працаваць яшчэ лепш. Сама прэмія – тры з паловай мільёны рублёў – ні для каго не лішняя, вядома ж.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *