ГЕРОІ ДНЯ – СПАРТСМЕНЫ

Спорт

У нашым раёне з кожным годам паляпшаюцца ўмовы для паспяховых заняткаў спортам, удасканальваецца спартыўная база, якая ўжо дзейнічае, і ўводзяцца новыя аб’екты. Спартыўныя перамогі не менш значныя, чым працоўныя, за імі стаіць такая ж цяжкая, напружаная, карпатлівая штодзённая праца.

І людзі, якія дасягнулі ў спорце пэўных вынікаў, устанавілі рэкорды, занялі прызавыя месцы, заслугоўваюць вялікай павагі і пашаны. Аб гэтым гаварылася і на мерапрыемстве па падвядзенні вынікаў работы галіны фізічнай культуры, спорту і турызму раёна за 2011 год, якое прайшло нядаўна ў раённым Цэнтры культуры.

Па традыцыі ўшаноўвалі на свяце і лепшых работнікаў галіны фізічнай культуры і спорту. Лепшым спартсменам 2011 года прызнаны пераможца многіх марафонаў і спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы Т. Б. Жалток, лепшым трэнерам – трэнер па баскетболе, настаўнік фізічнага выхавання гімназіі № 1 райцэнтра Л. У. Хвядчэня. Пераможцам раённай круглагадовай спартакіяды сярод прадпрыемстваў і арганізацый стала мясцовая воінская часць 30695, а начальнік фізічнай падрыхтоўкі і спорту А. Ю. Аўсіенка – лепшым інструктарам-метадыстам па спорце. Памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны шматлікія выхаванцы трэнераў А. С. Чарняўскага па лёгкай атлетыцы, І. І. Філістовіча па баскетболе сярод дзяўчат, Л. У. Хвядчэні па баскетболе сярод юнакоў, В. В. Ажарэльева і Д. В. Ажарэльева па настольным тэнісе, М. І. Шыяна і К. І. Біталя па шахматах і шашках, а таксама актывісты спартыўнай галіны.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий