І КАРЫЦА ЗАБЯСПЕЧВАЕ КЛЁЎ…

Общество

Паляванне і рыбалоўства раней лічыліся жыццёва неабходнымі, інакш чалавек не змог бы праіснаваць. Сёння ж гэтыя заняткі займаюць пачэснае месца сярод найбольш распаўсюджаных, пераважна мужчынскіх хобі. Прывабліваюць яны прадстаўнікоў розных прафесій. Зусім нядаўна, напрыклад, сваё майстэрства па падлёднай лоўлі рыбы дэманстравалі медыцынскія работнікі.

У абласным спаборніцтве па падлёдным спартыўным рыбалоўстве сярод арганізацый аховы здароўя, якое па традыцыі праводзілася на Вілейскім вадасховішчы, удзельнічала і каманда Валожынскай ЦРБ. Узначаліў яе намеснік галоўнага ўрача, а па захапленні – апантаны рыбалоў-аматар Аляксандр Уладзіміравіч Казыра. Ён займаецца зімовай рыбалкай яшчэ са студэнцкіх гадоў, таму ведае ўсе тонкасці і хітрыкі гэтай справы. Як ледабурам найхутчэй зрабіць лунку, якую вудачку і мармышку лепш выбраць, чым прыкарміць, каб забяспечыць клёў – на ўсе гэтыя пытанні сходу адкажа Аляксандр Уладзіміравіч. Дарэчы, над падкормкай на спаборніцтва таксама “чараваў” сам на ўласнай кухні: варыў манныя і ячныя крупы, проса, макарону, дадаваў ванілін і карыцу.

“Узброіўшыся” добрай зімовай экіпіроўкай і вялікім вопытам, нашы медработнікі паказалі найлепшы вынік – за чатыры гадзіны забяспечылі самы вялікі ўлоў. У агульнакамандным заліку валожынцы занялі ганаровае першае месца і прывезлі дадому дыплом і фірменны кубак спаборніцтва.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Андрэя ЗАХАРАНКІ.

 



Добавить комментарий