ХТО ПАСТАРАЎСЯ, БЕЗ СЕНА НЕ ЗАСТАЎСЯ

Общество

Прачытаўшы ў райгазеце за 28 лютага гэтага года артыкул “Надбаўкі стымулююць развіццё падсобных гаспадарак”, не магу не выказаць сваё меркаванне.

Усё жыццё працаваў настаўнікам у Сакаўшчынскай сярэдняй школе, на пенсіі па прапанове старшыні Сакаўшчынскага сельвыканкама Івана Віктаравіча Гаспарэвіча ўжо два гады збіраю малако ад насельніцтва ў нашай вёсцы (бо маю ўласнага каня). Раней цэны на малако былі нізкія ў параўнанні з іншымі прадуктамі. Здавалі пераважна тыя, у каго не было транспарту завезці на базар. Цяпер адзін літр малака каштуе 2467 рублёў. Вяскоўцы з задавальненнем здаюць лішкі дзяржаве. Стымулюе гэты працэс і матэрыяльнае заахвочванне з боку мясцовай гаспадаркі. Тым, хто здае малако, кіраўніцтва КСУП “Сакаўшчына-агра” выдзяляе сенажаць, прычым, у скошаным выглядзе. Калі ішлі моцныя дажджы і не было магчымасці своечасова ўбраць сена, гаспадарка дадала яшчэ па рулону. Своечасова робіцца і грашовы разлік за здадзенае малако. У ведамасці ўсё падрабязна распісана: колькасць здадзеных літраў, тлустасць і аплата. Не застаюцца ў баку ад гэтай справы старшыня сельвыканкама І. В. Гаспарэвіч і дырэктар сельгаспрадпрыемства С. А. Пазняк. Вядзецца кантрактацыя цялят, разлічваюцца зернем, сенам. На жаль, з кожным годам жывёлы ў прыватным сектары становіцца ўсё менш і менш. Трымаюць яе пераважна пажылыя людзі, моладзь не спяшаецца купляць кароў.

Ужо за першыя два месяцы 2012 года здадзена каля 6 тон малака. Лепшыя малаказдатчыкі Сакаўшчыны – Т. К. Тумель (696 літраў), Ц. І. Лукашанец (616), А. У. Шакаль (537), Р. Г. Таўгень (536), Л. В. Рэут (490 літраў малака) і інш. Хочацца адзначыць і працу лабаранткі С. І. Фінскай. Яна ўжо многа гадоў займаецца праверкай якасці малака і патрабуе яе ад малаказдатчыкаў і малаказборшчыкаў.

Віктар КАРЗЮК,

малаказборшчык з в. Сакаўшчына.

 



Добавить комментарий