Трымаючы руку на пульсе надвор’я

Общество

Просценькі белы будынак прытуліўся на паўночна-заходнім выездзе з Валожына. Тут ужо шмат гадоў месціцца метэаралагічная станцыя, якая стала для сваіх супрацоўнікаў амаль што другім домам.

Праца людзей, што дні, а нярэдка і ночы, праводзяць не толькі ва ўтульных пакойчыках роднай установы, але і пад халодным дажджом ды пранізлівым ветрам, зусім нябачная. Але мала хто задумваецца над тым, наколькі важным для кожнага з нас з’яўляецца тое, што яны робяць.

Мой сённяшні субяседнік – начальнік Валожынскай метэастанцыі Сяргей Аляксандравіч Трус. Колькі дзён таму па тэлефоне мы дамовіліся аб сустрэчы. Хацелася з першых вуснаў даведацца аб працы метэаролагаў. І вось мы сядзім у невялічкім кабінеце. На стале – камп’ютар, паперы, тэлефон. Нягледзячы на стрыманы інтэр’ер, адчуваецца атмасфера ўтульнасці і прафесіяналізму. А яшчэ ў кожным слове і самога Сяргея Аляксандравіча, і яго калег – супрацоўнікаў станцыі, што распавядаюць мне аб сакрэтах свайго майстэрства, чуецца зацікаўленасць, нават захапленне любімай справай.

У падпарадкаванні Сяргея Аляксандравіча знаходзіцца чатыры метэаролагі і адзін аграметэаролаг. Станцыя забяспечвае пастаянныя назіранні за самымі рознымі метэаралагічнымі параметрамі – тэмпературай паветра і глебы, атмасферным ціскам, сілай і напрамкам ветру, вышынёй розных ярусаў аблокаў, бачнасцю і яшчэ больш чым за трыццаццю іншымі. Паказанні прыбораў фіксуюцца восем разоў за суткі, кожныя тры гадзіны.

– Але здараюцца і выключныя выпадкі, – расказвае начальнік станцыі. – Напрыклад, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы звычайна робім замеры кожную гадзіну, каб забяспечыць больш дакладную ацэнку сітуацыі і дэтальны прагноз.

Я цікаўлюся, што адбываецца пасля зняцця паказанняў з прыбораў. Сяргей Аляксандравіч тлумачыць, што спачатку атрыманыя велічыні метэапараметраў апрацоўваюцца спецыялістам:

– Якія б сучасныя прыборы не выкарыстоўваліся, яны заўсёды могуць даць збой, што прыводзіць да памылковых вынікаў. Таму кожны з параметраў абавязкова кантралюецца метэаролагам. Так што якія б аўтаматычныя сістэмы не прыходзілі на змену старым ручным, роля чалавека заўсёды застанецца вельмі важнай.

На наступным этапе правераныя даныя кадзіруюцца. Спецыяльны код быў распрацаваны яшчэ ў савецкі час, аднак яго выкарыстоўваюць па сённяшні дзень не толькі ў Беларусі, але і ў большасці краін СНД. У выніку атрымліваецца паслядоўнасць лічбаў, якая можа падрабязна расказаць аб стане надвор’я спецыялісту, аднак для дылетанта застанецца бессэнсоўным наборам незразумелых лікаў. Вынік адпраўляецца ў сталічны Гідраметцэнтр.

– Тэлефанаграмы з данымі назіранняў патрэбна перадаваць з дакладнасцю да дзесяці хвілін, – зазначае Сяргей Аляксандравіч. – Аднойчы, да таго як мабільны тэлефон стаў абавязковым спадарожнікам кожнага з нас, на станцыі не было сувязі – ці то лінія парушылася, ці то тэлефонны апарат выйшаў са строю. Нам даводзілася закрываць будынак і бегчы да суседзяў прасіць дазволу пазваніць у Мінск ды надыктаваць свежую зводку.

Валожынская метэаралагічная станцыя пачала сваю працу 26 ліпеня 1944 года, літаральна адразу ж пасля вызвалення раёна ад нямецкіх войск. У чэрвені 1965 года будынак станцыі быў перанесены. Вышыня над узроўнем мора – 229 метраў. Больш высокім размяшчэннем можа пахваліцца толькі адна станцыя ў Беларусі – у Навагрудку.

Цікаўлюся, якія прыборы выкарыстоўваюцца сёння на станцыі. Сяргей Аляксандравіч распавядае, што нейкую частку абсталявання складаюць традыцыйныя прылады, якія выкарыстоўваюцца метэаролагамі ўсяго свету ўжо шмат дзесяцігоддзяў – тэрмометры, барометры-самапісцы, прылады для вымярэння вільготнасці паветра. Аднак уплыў новага стагоддзя адчуваецца ўсё больш. Яшчэ ў 2004 годзе на станцыі з’явіўся электронны барометр для вызначэння атмасфернага ціску. А вышыню аблокаў цяпер вызначаюць пры дапамозе лазернага промня!

Аднак старыя прыборы ніхто не выкідае, – усміхаецца Сяргей Аляксандравіч. – Ёсць у нас, напрыклад, ртутны чашачны барометр 1949 года выпуску. Па ім мы і сёння раз на суткі праводзім праверку яго электроннага сабрата.

Асноўная задача станцыі – забяспечваць метэаралагічнай інфармацыяй Гідраметцэнтр краіны. На падставе дадзеных, якія збіраюцца не толькі ўсімі метэастанцыямі Беларусі, але таксама і замежнымі калегамі, спецыялісты Гідраметцэнтра складаюць прагнозы надвор’я, за якімі з такой увагай сочым усе мы без выключэння. Сярод “спажыўцоў” сабранай інфармацыі аб стане надвор’я розныя ўстановы, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, жылкамунгас, РАУС і многія іншыя.

Сяргей Аляксандравіч яшчэ доўга расказвае мне аб жыцці станцыі, аб цікавых выпадках, што адбыліся з ім самім, яго супрацоўнікамі, аб розных прыборах, якія ён марыць набыць… Я слухаю яго эмацыянальную, жывую гаворку і яшчэ больш пранікаюся сімпатыяй да людзей, якія працуюць тут, апантаных, захопленых любімай справай.

Самая высокая ў Валожыне тэмпература паветра 34,50С была зарэгістравана 15 жніўня 2010 года. Да самай нізкай адзнакі ў -34,30С слупок тэрмометра апусціўся ў лютым 1956 года. Найбольшая хуткасць ветру зафіксавана 14 катрычніка 2009 года і склала 27 м/с альбо 97 кіламетраў у гадзіну.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 

 



Добавить комментарий