ІВЯНЕЦКІЯ МЕСТАЧКОЎЦЫ

Культура

Сёлета аднаму з добраўпарадкаваных і прывабных для турыстычных вандровак мястэчак – Івянцу спаўняецца 620 гадоў.

Пасля Другой сусветнай вайны многія івянчане выехалі на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу. Там аказалася і сям’я Калікста Дамброўскага. Яго ўнукі, Моніка і Томаш Дамброўскія-Балеста, захоўваюць як рэліквію дакументы і фатаграфіі прадзеда Фабіяна Мартынавіча Лотыша і яго дзвюх дачок, дзеда Калікста Дамброўскага.

Фабіян Лотыш з сям’ёй пражываў у мястэчку Івянец па завулку Куйбышава. Меў сваю ганчарню. Да сённяшняга дня захаваўся яго дом з прыгожымі камінам і печкай. Камін выраблены з чорнай кафлі з раслінным арнаментам, печка – з узорчатай белай кафлі.

…Фабіян Мартынавіч, член Івянецкага хрысціянскага таварыства, вырашае расшырыць свае ўладанні і 26 снежня 1872 года атрымлівае дазвол ад таварыства на набыццё ў мяшчаніна Івана Крыштафа Мікуцкага новага драўлянага дома з прылягаючай да яго зямлёй Плявакаў (здавалася ў арэнду) каля вуліцы Новае Месца.

Патрэбна зазначыць, што пасля паўстання 1863 года палякі не мелі права купляць зямлю, а набывалі яе ў спадчыну. Толькі праз дазвол хрысціянскага таварыства (у асобе Віктара Марцінкевіча і ўладальнікаў зямлі (у гэтым выпадку – з дазволу Альжбеты Плявакі) Ф. Лотыш набыў новы дом па суседству з Францам Сасноўскім і Ганнай Бурак. В. Марцінкевіч быў непісьменны, таму дакументы за яго падпісаў унтэр-юрыст Осіп Францавіч Малчановіч.

Пра падзеі больш чым стогадовай даўніны цяпер могуць расказаць толькі дакументы і здымкі: як апраналіся нашы местачкоўцы, з кім сябравалі. На здымку: дзве дачкі Лотыша – Эвеліна з сястрой, калега Эвеліны – Э. Кац, сфатаграфаваны ў Пінску. З “Ksiegi Adresowej Polski” 1928 года вядома, што івянецкія Кацы былі заможнымі людзьмі. Так, Б. Кац, Ф. Кац, І. Кац мелі лаўкі са спажывецкімі таварамі. Напрыклад, Ё. Кац прадаваў лён, Л. Кац займаўся вытворчасцю газіраванай вады, Д. Кац ажыццяўляў гандаль збожжам.

Дачка Фабіяна Лотыша Эвеліна выйшла замуж за Калікста Дамброўскага. Цесць перадаў у пасаг дачцэ дом па вуліцы Новае Месца. Унукі захоўваюць вясельны здымак бабкі Эвеліны і дзеда Калікста.

Калікст Дамброўскі вырашае расшырыць свой зямельны надзел. У 1920 годзе са згоды тагачаснага ўладальніка івянецкіх зямель Пятра Дарагунцава набыў ў Рэгіны Точкі два гектары зямлі з выплатай штогод арэнднай платы земляўладальніку. З наступных дакументаў вядома, што павятовыя ўлады Дамброўскаму дазволілі выкупіць за 280 злотых зямлю ў П. Дарагунцава ў прыватную ўласнасць. Цікавы факт, што ў распісцы ад 28 снежня 1934 года Пётр Дарагунцаў засведчыў пісьмова на рускай мове, што 25 лютага 1931 года атрымаў ад Калікста Дабравольскага за выкуп зямлі 280 злотых. Можна зрабіць вывад, што многія івянчане мянялі свае прозвішчы з беларускага на польскае гучанне. Да сённяшняга дня ў Івянцы пражываюць местачкоўцы.

Галіна САБАЛЕЎСКАЯ,

старшы навуковы супрацоўнік

Івянецкага музея

традыцыйнай культуры.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *