АБУДЖАЦЬ ЗАЦІКАЎЛЕНАСЦЬ РОДНЫМ КРАЕМ

Культура

“Бедны той, хто, апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здалее, гэта любоў на Бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы”.

Цётка (Алаіза Пашкевіч).

Так, без пачуцця любові да ўсяго роднага нельга быць сапраўдным грамадзянінам, патрыётам.

Але як жа выхаваць у дзяцей гэты патрыятызм? Як жа запаліць у душы, сэрцы сучаснага, вельмі мабільнага маладога чалавека, які шмат часу бавіць у Iнтэрнэце… як жа запаліць гэту  іскру любові да ўсяго роднага, беларускага, запаліць і не даць ёй пагаснуць? Адказ на пытанне вядома які:

– Трэба вывучаць свой край.

Веды пра Бацькаўшчыну ўплыва-юць на фармаванне светапогляду, на развіццё інтэлектуальнага ўзроўню, выхоўваюць патрыятызм, нацыянальную самасвядомасць маладога чалавека. Без гэтых якасцей няма будучага ў нацыі.

Развіццё духоўнасці нацыі трэба пачынаць з прывіцця любові ў дзіцяці да таго роднага кута, які чамусьці называюць “малой” Радзімай. Валожын, Валожыншчына – самы дарагі, любы куточак, які заўсёды вабіць, кліча, хвалюе…

На нас, настаўніках, ляжыць абавязак данесці інфармацыю, пазнаёміць і нават даследаваць разам з выхаванцамі гэтае багацце, чым мы і займаемся на гуртках, факультатывах, у пазашкольнай рабоце, даследча-пошукавай дзейнасці ў гімназіі № 1 г. Валожына.

З мэтай пашырэння і паглыблення ведаў пра свой край і прывіцця пачуцця любові да Бацькаўшчыны ў нашай гімназіі быў створаны патрыятычны клуб “Спадчына”, якім я кірую і дзякуючы якому праца па далучэнні школьнікаў да самабытнай беларускай культуры стала больш сістэмнай і мэтанакіраванай. Былі вызначаны мэты, задачы клуба, распрацаваны тэмы, якія прадугледжваюць вывучэнне як гістарычнай, так і культурнай спадчыны Валожыншчыны. Выкарыстоўваю розныя формы працы з гурткоўцамі, але самай цікавай і плённай з’яўляецца даследча-пошукавая дзейнасць, экскурсіі.

Пры Валожынскім РЦК існуе аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца”, якому прысвоена найменне “народны”. У “Скарбніцу” ўваходзяць майстры, якія займаюцца рознымі традыцыйнымі рамёствамі: саломапляценнем, лозапляценнем, ткацтвам, вышыўкай, керамікай, выцінанкай, поясапляценнем, разьбой па дрэве і інш.

Удзельнікі клуба “Спадчына” ціка-вяцца гэтымі рамёствамі, сочаць за дзейнасцю майстроў, наведваюць іх выставы, наладжваюць сустрэчы з майстрамі, збіраюць матэрыялы пра іх. Усім добра запомнілася адна з такіх сустрэч на адкрытай класнай гадзіне для кіраўнікоў школ раёна пад назвай “Скарбніца дзівосаў”, якая адбылася ў мінулым годзе (пра гэта пісала наша раёнка). Зусім нядаўна адбылася цікавая сустрэча на выставе “Ад захаплення да майстэрства”.

У гэтым годзе “спадчыннікі” збіралі матэрыял пра творчыя сем’і Валожыншчыны, у якіх займаюцца традыцыйнымі народнымі промысламі не толькі дарослыя, але і дзеці. Сярод іх сям’я Капуста з Івянца (ганчарства), сям’я Аль з Валожына (саломапляценне), сям’я Лукашык з Суднікаў (саломапляценне, поясапляценне), сям’я Кацура з Гарадзечна (лозапляценне, саломапляценне), сям’я Малютка з Каменя (ткацтва), сям’я Самахвастоўскіх з Валожына (разьба па дрэве, жывапіс), сям’я Лабун з Сівіцы (вышыўка) і інш.

У гімназіі было арганізавана адк-рытае мерапрыемства, на якім гурткоўцы дзяліліся здабытай імі інфармацыяй пра гэтыя сем’і, а таксама расказалі аб традыцыях сваіх сем’яў. Расказалі, як пякуць дома на святы розныя традыцыйныя прысмакі (хрушчы, галёпы (птушачкі), пірагі), паказалі, як размалёўваюць пісанкі (велікодныя яйкі).

Была запрошана таленавітая музычная сям’я Лямбовіч (фальклорны гурт “Крона”), якую ведаюць не толькі ў Беларусі. “Крона” выступіла з вельмі цікавай праграмай: расказала пра традыцыі сваёй сям’і, паказала, як гучаць такія народныя інструменты, як колавая ліра, акарына, дуда. Спявалі і танцавалі разам з імі і мы. Трэба заўважыць, што гэтая сям’я ў нас не рэдкі госць.

У гэтым навучальным годзе клуб “Спадчына” прымаў удзел у конкурсе творчых работ “Мае землякі – мой гонар”. Мы вырашылі напісаць пра Лізавету Пятроўскую, гэту неардынарную, таленавітую асобу, кіраўніка Заслужанага фальклорнага калектыву Рэспублікі Беларусь “Гасцінец”,  узорнага дзіцячага калектыву “Вянок” і кіраўніка хору касцёла Св. Дамініка ў Ракаве.

Сустрэчы з такімі творчымі, таленавітымі землякамі спрыяюць духоўнаму росту падлеткаў, напаўняюць іх сэрцы любоўю і святлом. А сабраныя матэрыялы (артыкулы, фотаздымкі з газет, інтэрв’ю, узятае ў нашай гераіні) паслужылі асновай для напісання творчай працы “З любоўю па жыцці”, якая была высока ацэнена журы – Дыплом I ступені на вобласці, Дыплом II ступені на Рэспубліканскім конкурсе. Мяне як кіраўніка клуба дэлегавалі ад Валожынскага раёна на абласныя педагагічныя краязнаўчыя чытанні, дзе выступіла з прэзентацыяй і дакладам “Краязнаўчая навукова-даследчая праца вучняў як сродак захавання гісторыка-культурнай спадчыны”.

Такая мэтанакіраваная краязнаў-чая работа з вучнямі прыносіць найлепшы плён.

Яна абуджае зацікаўленасць родным краем, паглыбляе веды пра яго гісторыю, культуру, развівае пачуццё любові і гонару за сваю Радзіму, сваю зямлю, землякоў, сваю сям’ю, сямейныя традыцыі, дапамагае маладому чалавеку развіць пачуццё нацыянальнай годнасці, значнасці сваёй асобы, развівае эстэтычны густ і творчыя здольнасці падлетка.

Вось гэта і ёсць тыя скарбы душы, якія дапамогуць маладому пакаленню стаць захавальнікамі гісторыка-культурнай спадчыны Бацькаўшчыны.

Людвіка ТАЎГЕНЬ,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры,

кіраўнік патрыятычнага клуба “Спадчына” гімназіі № 1 г. Валожына.

 



Добавить комментарий