Жыццё — нялёгкая дарога

Культура

што пачалася ад парога бацькоўскай хаты…
Паўвекавы юбілей адзначаў паэт, наш зямляк Віктар Шніп. Ён стаў не столькі асабістай падзеяй у жыцці канкрэтнага чалавека, колькі знакавай для беларускай літаратуры. І было надзвычай прыемна, што серыю юбілейных святкаванняў сям’я Віктара Анатольевіча вырашыла пачаць з Валожына, сярод людзей, якія яго добра ведаюць, любяць вершы і цэняць за чалавечыя якасці.
Вечарына ў раённым цэнтры культуры, падрыхтаваная кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валянцінай Русакевіч, атрымалася па-сямейнаму душэўнай, цёплай, камернай і вельмі шчырай.
У 15 гадоў Віктар Шніп упершыню трапіў у Мінск (паступіў у архітэктурна-будаўнічы тэхнікум), каб больш ніколі з ім не расставацца. Хіба толькі на два гады, калі вучыўся на вышэйшых Літаратурных курсах у Маскве. Яны наклалі свой адбітак на яго ўспрыманне рэчаіснасці, пазнаёмілі з многімі знакамітымі людзьмі. Але ў душы ён так і застаўся сялянскім хлопцам, якому добра дыхаецца толькі ў родных Пугачах ці суседніх Лягезах, дзе прайшлі першыя гады жыцця. Галоўны маскоўскі набытак – жонка Людміла Рублеўская. Яна была наканавана Віктару лёсам. Як тут не паверыць, што шлюбы вершацца на нябёсах! Столькі аднолькавых супадзенняў у біяграфіях, пачынаючы з таго, што вучыліся ў адным мінскім тэхнікуме. Лёс мэтанакіравана год за годам падводзіў гэтых таленавітых людзей да сустрэчы. А вынікам шлюбу двух паэтаў сталі не толькі паэтычныя зборнікі, песні, а дачка Вераніка і сын Максім.
Так сталася, што ў горад, дзе іх бацька рабіў першыя крокі ў паэзію, дзе сталеў і мужнеў яго паэтычны талент, нашчадкі прыехалі ўпершыню. А разам з сямействам Шніпаў на вечарыну завіталі таксама добрыя прыяцелі па літаратурнаму цэху – выдавец Алесь Карлюкевіч, вядомы паэт і не менш вядомы радыёжурналіст Навум Гальпяровіч, мастак Алесь Квяткоўскі з жонкай, актрысай і спявачкай, Вікторыяй Ільінскай, краязнавец Міхась Казлоўскі з Маладзечна.
Вядучая вечарыны В. Русакевіч тонка і далікатна выводзіла юбіляра на яскравыя дзіцячыя ўспаміны, прымушала ў думках вяртацца ў гады юнацтва, задавала цікавыя пытанні жонцы, дзецям, гасцям. У таленавітай творчай сям’і нашчадкі такія ж таленавітыя. І няпраўда, што прырода на дзецях адпачывае. Але галоўнае, бадай тое, што хоць і выраслі яны ў Мінску, у коле інтэлігенцыі, не разбэсціліся, не разлічваюць на бацькоўскую дапамогу, імкнуцца шукаць сваю дарогу. Вераніка і Максім размаўлялі на сакавітай беларускай мове гэтак жа натуральна, як іх бацькі, і гэтак жа аддана займаюцца мастацтвам – у дзецях найбольш раскрыліся таленты мастакоў, але абодва іграюць на музычных інструментах, складаюць вершы. Вераніка – студэнтка Акадэміі мастацтваў, іграе на бас-гітары ў рок-гурце, Максім яшчэ школьнік, свой першы верш надрукаваў у часопісе “Бярозка”.
У той дзень прысутныя ў зале даведаліся шмат новага пра жывога класіка Віктара Шніпа. Напрыклад, калі яму не было і 30, у Саюзе пісьменнікаў узначальваў прафсаюзную арганізацыю. І не меўшы свайго кута, размяркоўваў кватэры паэтам і пісьменнікам, імкнуўся спрыяць усім. Наогул, усе выступоўцы ўзгадвалі пра добрую і шчырую душу юбіляра, пра яго жаданне спяшацца на дапамогу калегам. А ўжо калі жонка гаворыць, што ёй “дужа пашанцавала”, то гэта самая праўдзівая і высокая адзнака чалавеку, з якім крочыць па жыцці некалькі дзесяткаў гадоў.
Шчырыя віншаванні даслаў свайму сябру член Саюза пісьменнікаў Беларусі валожынец Міхась Курыла. Паэзіяй была прасякнута зала: старыя і новыя вершы чытаў сам юбіляр, члены “Руні”, госці. У выкананні валожынскіх спевакоў гучалі таксама песні на вершы Віктара Шніпа.
Да свайго юбілею В. Шніп падышоў з добрым багажом – на яго рахунку 15 паэтычных зборнікаў, выдавецкая работа. З’яўляецца выдатнікам друку Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам Літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за кнігу паэзіі і прозы “Страла кахання, любові крыж”. У яго шмат творчых задум, не мялее рака ПАЭЗІЯ, а проста ўзбагачаецца новымі тэмамі, становіцца з году ў год больш паўнаводнай.

Наталля ШТЭЙНЕР.



Добавить комментарий