КАРАГОД НАЦЮРМОРТНЫХ ФАНТАЗІЙ

Культура

У адной дабрадушнай дзіцячай песеньцы ёсць такія словы: “…Это правда! Ну чего же тут скрывать? Дети любят, очень любят рисовать! На бумаге, на асфальте, на стене, и в трамвае на окне…”

Пагодзімся, умела або кручкавата-крывавата, пасрэдна або з іскрынкамі таленту, малююць усе дзеці на планеце. Аднак прафесійна займаецца мастацтвам не кожны школьнік.

Нядаўна сустрэлася з дзяўчынкай, якая сваё юнае жыццё запоўніла яркімі фарбамі, мальбертамі, конкурсамі, маленькімі перамогамі і цвёрдым жаданнем – стаць мастаком. Дзевяцігадовая Валерыя Лукашык з Ракаўскай сярэдняй школы займаецца жывапісам па індывідуальнай праграме работы з адоранымі дзецьмі.

Яе любімы жанр – нацюрморт. Аб ім Валерыя можа расказваць гадзінамі з дзелавітасцю знатака і сур’ёзнасцю эксперта.

Збаны, чайнікі, кубкі, садавіна зусім не здаюцца nature morte. Яе работы, напісаныя сакавітымі фарбамі, дыхаюць жыццём. Яны нібы ажываюць, перанесеныя на палатно дзіцячым вокам. А выразныя інтэнсіўныя фарбы дораць адчуванне радасці. Дзіцячыя ўражанні, перажыванні, думкі, пачуцці выліваюцца на палатно і ператвараюцца ў маленькі шэдэўр.

Валерыя жадае паступіць у гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка. Пад умелым кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Алены Аляксандраўны Кавалёвай дзяўчынка адкрывае для сябе сакрэты гэтага нялёгкага жанру, кожны дзень удасканальваючы сваё майстэрства. Да таго ж знаходзіць час і для заняткаў музыкай па класе фартэпіяна.

Напэўна, менавіта так і трэба ісці да сваёй мары: упэўненымі крокамі, пад руку з надзеяй і талентам.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий