МАТЫЛЬКІ – ГЭТА КВЕТКІ, ЯКІЯ САРВАЎ ВЕЦЕР…

Культура

Так лічылі старажытныя рымляне. А славяне верылі, што чыстыя душы анёлаў прылятаюць да нас матылькамі, каб перадаць нашы жаданні нябёсам.

У Івянецкай сярэдняй школе шмат таленавітых дзяцей. Адзін з іх – другакласнік Ілля АНДРОНАЎ. У хлопчыка ёсць незвычайнае хобі: ён вырошчвае матылькоў – дзіўных, грацыёзных насякомых, шчодра адораных прыродай усімі колерамі вясёлкі. Юны энтамолаг марыць стаць вучоным. Засталося толькі нашаптаць сваё жаданне “пырхаючай кветцы”, і яно абавязкова здзейсніцца.

– Ілля, прадстаў, калі ласка, сябе нашым чытачам.

– Я з задавальненнем вывучаю насякомых. Калі быў маленькі, нёс усіх “казявак” у свой дом. Мама, вядома, была незадаволена, але потым змірылася. Больш за ўсё мяне захапілі матылі – яны самыя прыгожыя сярод крылатай фаўны. Вывучаць матылёў мне дапамагае настаўніца Аксана Аляксандраўна Русовіч.

– Напэўна, ты ведаеш аб матыльках нешта незвычайнае, аб чым, напрыклад, іншыя не чулі?

– Ну магу адкрыць вам адзін сакрэт. Матылёў я вырошчваю сам. Гэта ве-е-ельмі займальны занятак. Увосень кукалкі матылькоў трэба пакласці ў халоднае месца, пажадана ў маразільнік – на ўсю зіму. Вясной – дастаць і апырскваць вадой. І кукалка абавязкова ператворыцца ў матыля. Гэтым зараз я і займаюся – вывучаю ўплыў тэмпературы на развіццё матылёў.

Я ўжо зрабіў адно важнае адкрыццё. У Чырвоную кнігу Беларусі занесены матылёк, вельмі падобны да звычайнай капусніцы. Таму дарослым трэба быць вельмі акуратнымі, каб выпадкова не знішчыць гэты рэдкі від.

Дарэчы, пражэрлівая моль, з якой ваюе мая мама,  – гэта таксама матылёк.

– Дзе ты бярэш кукалкі?

– Кукалкі я таксама вырошчваю. Напрыклад, бяром лічынкі матыля капусніцы, ствараем ім ідэальныя ўмовы, і яны ў хуткім часе ператворацца ў вусеняў. Восенню вусень акукліцца – спляце сабе кокан. Ну а што рабіць далей, я ўжо расказаў. Хоць можна і не мучыцца, а адразу паспрабаваць знайсці вусеня або кукалку. Мінулым летам я знайшоў на дарозе вусеня вельмі прыгожага матыля – парусніка. Цяпер чакаю – ці вылупіцца ён з кукалкі. Ужо вывеліся тры матылі капусніцы. Яны жывуць у слоіках. Калі пацяплее, выпушчу іх на волю.

– Чым матылькі сілкуюцца?

– Любімы іх ласунак – нектар кветак і сокі. Матылі адчуваюць пах праз вусікі. Смак – хабатком і лапкамі. Зрок у іх фасетачны – могуць бачыць ворага ззаду. Ворагі матылёў – жужалі і птушкі. Некаторыя віды матылёў могуць пералятаць на сотні кіламетраў з хуткасцю 54 кіламетры ў гадзіну.

Наогул, матылі вельмі разумныя. Напрыклад, шаўкапрад пляце сабе кокан з даўжэзнай шаўковай ніткі. А людзі гэтыя ніткі ў яго забіраюць і шыюць з іх сабе моднае адзенне.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий