КАБ МЕЦЬ ДОБРЫ ЎРАДЖАЙ

Культура

Расаду агароднінных культур вырошчваюць у пакоі, цёплым парніку ці цяпліцы. Яе ўзрост для агуркоў – 25-30 дзён, для таматаў, перцаў і баклажанаў – 50-60. Падрыхтоўка насення да пасеву – абавязковая ўмова для атрымання моцнай расады.

Насенне таматаў патрымаць 10 хвілін у растворы марганцавакіслага калію (1 г на паўшклянкі вады) і прамыць чыстай вадой. Для загартоўкі пасля прамывання яго трэба пакінуць вільготным пры тэмпературы 20-25 градусаў цяпла, пакуль яно цалкам не набрыняе, а затым двое-трое сутак трымаць пры тэмпературы 1-3 градусы ніжэй за нуль.

Насенне агуркоў перад пасевам рыхтуюць такім жа чынам, але для павелічэння ўтварэння жаночых кветак і завязі замест загартоўкі яго трэба на працягу трох гадзін праграваць пры 60 градусах. Агуркі дрэнна пераносяць перасадку, расаду іх лепш вырошчваць у невялікіх папяровых ёмістасцях ці гаршчочках, высяваючы па 2-3 семечкі ў кожны.

Насенне капусты абавязкова праграваюць: яго на 20 хвілін кладуць у ваду, нагрэтую да 50 градусаў. Каб тэмпература трымалася, у посуд падліваюць гарачую ваду. Пасля насенне трымаюць 2-3 хвіліны ў халоднай вадзе.

Насенне сельдэрэю перад высевам прамываюць цёплай вадой і пасля пасеву да прарастання зямлёй не засыпаюць. Калі расаду вырошчваюць у пакоі, насенне спачатку высяваюць у скрыні вышынёй 10-12 см і шырынёй 20-30 см.

У фазе першага сапраўднага ліста сеянцы пікіруюць у папяровыя гаршчочкі, пастаўленыя ў скрыні, на дно якіх насыпана зямля слоем 2-3 см. Усе прамежкі паміж ёмістасцямі таксама засыпаюць глебай. Ёмістасці запаўняюць зямлёй не да краёў, а пакідаюць 2-3 см, каб можна было рабіць падсыпку.

Загартоўку расады праводзяць, калі тэмпература на вуліцы ўзнімецца вышэй за 10 градусаў. Спачатку расаду выносяць з пакоя апоўдні, потым – з 9 раніцы да 4-5 гадзін дня. Не пазней чым за 3-4 дні да высадкі ў грунт расаду пакідаюць адкрытай удзень і ноччу.

Падкормліваюць расаду за час вырошчвання двойчы. Для падкормкі таматаў у 10 л вады раствараюць па 20 г аміячнай салетры, хлорыстага калію і 30 г суперфасфату. Расход: шклянка раствору на дзве расліны.

Агуркі падкормліваюць каравяком, разведзеным вадой у суадносінах 1:8, ці курыным памётам – 1:12. Першую падкормку праводзяць праз два тыдні пасля з’яўлення ўсходаў, другую – перад высадкай у грунт. Для другой падкормкі на 10 л баўтушкі каравяку дадаюць па 15 г аміячнай салетры, хлорыстага калію і 20 г суперфасфату.

Паліваць лепш дажджавой ці снегавой вадой. Ваду з кранаў гарадскіх кватэр давядзіце амаль да кіпення, пастаўце на суткі адстойвацца, затым зліце з асадку. Запомніце: недахоп святла і высокая тэмпература могуць выклікаць празмерны рост раслін у даўжыню. Перарослая расада з вялікай колькасцю лістоў доўга не прыжываецца, у выніку гэтага затрымліваецца выспяванне і зніжаецца ўраджай.

 



Добавить комментарий