Жыццё раёна

Общество

Распачата кампанія па часовым працаўладкаванні моладзі на вакансіі на летні перыяд “Працоўны семестр-2012”. Штаб працоўных спраў РК ГА “БРСМ” ужо прымае заявы ад школьнікаў і студэнтаў. Звяртацца можна і ў сваю пярвічку па месцы вучобы. Акрэслены абавязковыя ўмовы, згодна з якімі ўсе жадаючыя працаваць павінны быць членамі БРСМ, а іх узрост – не менш за 14 гадоў. 

Першы квартал бягучага года стаў паспяховым для філіяла РУП “Мінаблаўтатранс” “Аўтапарк № 14”. У параўнанні з леташнім сярэдні рост даходаў прадпрыемства склаў 176,9 працэнта. Цяпер тэхніка аўтапарка, дзякуючы якой і дасягнуты такі высокі паказчык, задзейнічана на рэканструкцыі аўтадарогі Мінск-Магілёў-Горкі, частка МАЗаў аказвае платныя паслугі сельгаспрадпрыемствам раёна.

Дыплом III ступені на конкурсе маладых выканаўцаў на народных інструментах “Залатая струна” ў Мінску атрымала юная цымбалістка з Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў Насця Супрончык. У рэгіянальным туры рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча ў Маладзечне Насця, а таксама гітарысты Саша Рэуцкі і Дамінік Пятроўскі былі ўдастоены дыпломаў за паспяховае выступленне.

Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” В. Ф. Русакевіч запрасіла жынчын-“рунеўцаў”, шматдзетных і паважаных матуль, у літаратурна-музычную гасцёўню “Люстэрка маміных вачэй”. Сустрэча за “салодкім” сталом праходзіла ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Юныя чытачы дзіцячай бібліятэкі падрыхтавалі жанчынам прыгожыя вершы, а артысты РЦК – музычныя нумары.

За кубак раёна па валейболе сярод дарослых змагаліся 8 каманд: райбальніцы, вайсковай часці, жылкамунгаса, ветэранаў спорту, з Івянца, Ракава, Вішнева і Сакаўшчыны. Гульні праходзілі ў гімназіі, СШ № 2 райцэнтра і Івянецкай СШ. Пераможцамі сталі валейбалісты Валожынскай ЦРБ (1-е месца), ракаўчане (2-е) і ваеннаслужачыя (3-е). Камандам-прызёрам былі ўручаны кубкі і граматы, а лепшым ігракам – падарункі ад спонсара.

Чарговыя выпадкі з’яўлення хворай на шаленства жывёлы зарэгістраваны ў аграгарадку Доры, вёсках Савяцевічы і Бакачы.  Цяпер на гэтыя населеныя пункты накладзены двухмесячны каранцін, а таксама рэалізуецца комплексны план мерапрыемстваў па ліквідацыі небяспечнага захворвання.

 



Добавить комментарий