ЗАЦІКАВІЦЬ І ПАДТРЫМАЦЬ ЧАЛАВЕКА-ГАСПАДАРА

Общество

На чарговай, XVII сесіі раённага Савета дэпутатаў народныя выбраннікі разгледзелі надзвычай важнае ў многіх адносінах пытанне, сугучнае з галоўнай тэмай парадку дня: “Аб ходзе рэалізацыі Раённай праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян у 2011-2015 гадах”.

Пра магчымасці і перспектывы людзей, якія вырашылі развіваць уласныя падворкі, пра меры падтрымкі з боку ўлад, якія для іх прадугледжаны, далажыў прысутным намеснік старшыні райвыканкама Пётр Уладзіміравіч Жалняровіч. З яго слоў стала вядома, што ў раёне налічваецца 10560 прыватных падсобных гаспадарак грамадзян, у якіх 2302 галавы буйной рагатай жывёлы (у тым ліку 1812 кароў), 8782 свінні, 912 коней, 47174 дамашнія птушкі. Раённая праграма прадугледжвае пэўную дапамогу людзям, згодным і маючым сілу пыніць такую гаспадарку. Адна з асноўных ставак робіцца на сельгасарганізацыі раёна. Яны рэалізуюць насельніцтву насенны матэрыял зерневых культур і бульбу на пасадку, выдзяляюць людзям для ўтрымання асабістай жывёлы 0,51 гектара сенакосаў і 0,78 пашаў у разліку на адну карову, аказваюць і платныя паслугі – накшталт продажу ўгнаенняў, масавай пасадкі бульбы, абмалоту ўраджаю на людскіх палетках. Летась выручаная за такія работы сума склала 651,1 мільёна рублёў. Немалаважным фактарам выступае і закуп малака ў насельніцтва. Праўда, у 2011 годзе не ўдалося дасягнуць запланаванага паказчыка: купленыя ў прыватным сектары 2223,1 тоны малака склалі толькі 80 працэнтаў ад патрабуемай колькасці. Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб прадастаўленні крэдытаў грамадзянам, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістых падсобных гаспадарак”, выдадзены 4 льготныя крэдыты на суму 50 мільёнаў рублёў для пакупкі мінітрактароў і матаблокаў.

Разам з тым і старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, і прысутны на сесіі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. Я. Сінякоў, і старшыня райсавета дэпутатаў М. А. Іода адзначылі шэраг існуючых праблем, якія дрэнна адбіваюцца на паспяховым выкананні праграмы. Адным з пунктаў яе рэалізацыі, да прыкладу, з’яўляецца закуп сельгаспрадпрыемствамі ў насельніцтва маладняку буйной рагатай жывёлы. Летась гэты прагнозны паказчык не быў выкананы. Не-не, ды і ўзнікалі праблемы з аказаннем насельніцтву дапамогі ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў. Згодна з адным з пунктаў раённай праграмы, выдзяляемая па заключаным з чалавекам дагаворы колькасць сена павінна быць не меншай за 2 тоны на адну карову. А, напрыклад, у ААТ “Лоск” гэта дапамога зводзілася летась толькі да 2 рулонаў… Адзначана на раённай сесіі і нездавальняючая работа па арганізацыі закупу ў насельніцтва малака, кантрактацыі маладняку буйной рагатай жывёлы, падымаўся шэраг іншых, не менш важных пытанняў.

Па выніках сесіі дэпутаты прынялі важныя рашэнні, для далейшай паспяховай рэалізацыі праграмы развіцця асабістых падсобных гаспадарак і давялі іх да кіраўніцтва задзейнічаных арганізацый. У гэтым спісе – працяг работы па вырошчванні зерневых і бульбы на палях севазвароту сельгасарганізацый па заявах грамадзян, выдзяленне належнай колькасці пашаў і своечасовы догляд за імі, дапамога ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, больш поўны ахоп насельніцтва закупам малака і лішкаў сельгаспрадукцыі, а таксама забеспячэнне бесперабойнай наяўнасці ў гандлёвай сетцы камбікармоў, насення, сродкаў аховы раслін, мінеральных угнаенняў, сельгасінвентару і інш. Адным словам, арганізаваць работу такім чынам, каб максімальна зацікавіць і падтрымаць чалавека-гаспадара.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий