ШКОЛА ЭФЕКТЫЎНАГА БАЦЬКОЎСТВА

Общество

Інавацыйны праект пад такой назвай паспяхова рэалізуецца ў раённай сістэме адукацыі. Арыентаваны ён на ўзаемадзеянне паміж сям’ёй і школай, выхад на новы ўзровень зносін паміж бацькамі вучняў і педагогамі. У сярэдняй школе № 1 райцэнтра прайшоў рэспубліканскі семінар, прысвечаны пытанням рэалізацыі названага праекта.

СШ № 1 Валожына лічыцца адной з нямногіх навучальных устаноў, дзе засяроджана часцінка перадавога вопыту краіны ў накірунку плённага супрацоўніцтва бацькоў і настаўнікаў. Гэта адзначылі шматлікія госці з Мінска і Гродзенскай вобласці, якія прыбылі ў раён падзяліцца сваімі напрацоўкамі і метадалогіяй – адным словам, станоўчым вопытам. Як зазначыла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама М. А. Саротнік, якая старшынствавала на гэтым творчым форуме, падобная тэма не раз абмяркоўвалася на самых розных узроўнях і мела дастаткова шырокі рэзананс. Найлепшым рашэннем стала прапанова ўвесці ў школьную практыку на працягу бягучага навучальнага года інавацыйны праект пад назвай “Укараненне мадэлі ўзаемадзеяння сям’і і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў сучасным сацыякультурным асяроддзі”.

За гэтай доўгай назвай хаваецца мноства цікавых ідэй. Галоўная заключаецца ў тым, што новыя веды неабходны не толькі дзецям, але і… іх бацькам! Вядома ж, педагогі не расказваюць дарослым пра птушак і не вучаць вышэйшай матэматыцы – тут выкладаюцца веды іншага кшталту. Як выхаваць дзіця разумным і справядлівым? Ці варта крычаць на малечу нават у “выхаваўчых” мэтах? Што патрэбна, каб сын ці дачка любілі маму і тату горача і самааддана?.. У выніку праца “Школы эфектыўнага бацькоўства” ўвянчалася мноствам унутраных праектаў, якія моцна зблізілі як бацькоў з настаўнікамі, так і дзяцей з самімі бацькамі.

Сёння на Валожыншчыне рэалізуецца 5 абласных і 5 раённых педагагічных праектаў, дзякуючы якім істотна скарацілася колькасць учыненых падлеткамі правапарушэнняў і знізілася колькасць дзяцей у сацыяльна нядобранадзейным становішчы. Галасы настаўніка, бацькі і дзіцяці, нарэшце, загучалі ва ўнісон!

Дырэктар СШ № 1 Н. У. Бобрык расказала, што навучальная ўстанова ўжо 16 гадоў працуе па сістэме “Крок за крокам” – у тым жа накірунку. Тое, што за гэты час дасягнуты высокія вынікі супрацоўніцтва, неўзабаве пацвердзілі самі бацькі. Удзельнікі семінара ўхвальна і шчырымі апладысментамі сустрэлі дэманстрацыю работы праекта “Кузня добрых спраў”, адным з ініцыятараў якога стала мама Аксана Аляксандраўна Гладчанка. Школьнік Георгій Косік і яго мама няспынна захапляюць вучнёўства “Майстэрняй здароўя”, асноўная арыентацыя якой – цікавыя краязнаўчыя экскурсіі па ўласна распрацаваным маршруце. Член бацькоўскага камітэта школы Марыя Іосіфаўна Шапуцька расказала дзецям пра гаючыя ўласцівасці раслін у арганізаваным ёй пры школе фітабары. Прысутныя атрымалі магчымасць пераканацца ў дзівоснай падбадзёрлівай сіле прыгатаванага жанчынай натуральнага раслінна-ягаднага чаю. Шчырыя слёзы светлых пачуццяў выклікала выступленне дарослых і юных удзельнікаў школьнага літаратурна-музычнага салона “Натхненне”…

Былі актыўныя ў час семінара і прадстаўнікі грамадскасці раёна. Духоўнасць у вучняў каторы год дапамагае педагогам выхоўваць Благачынны Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч. Яго прапанова – у ВНУ рыхтаваць не толькі кадры педагагічныя, але і тэалагічныя – для далейшай работы ва ўстановах адукацыі. Усе пагадзіліся з мудрай парадай святара. Пра інтэрактыўныя прыёмы арганізацыі работы з сям’ёй расказала дырэктар УА “Валожынскі дзяржаўны раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” С. І. Мучынская, выступіла старшыня раённага савета жанчын З. М. Дубіна і іншыя.

Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікі форума разышліся па школьных кабінетах, дзе ладзілася работа па секцыях, а майстар-класы давалі вопытныя педагогі і метадысты з розных навучальных устаноў рэспублікі. Завяршыўся семінар “круглым сталом” па абмену вопытам і насычанай канцэртнай праграмай.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий