ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

ДОМ БЕЗ ГАСПАДАРА…

Толькі за мінулыя выхадныя ў РАУС паступіла 6 заяў ад гаспадароў дамоў садовых таварыстваў, якія размешчаны на тэрыторыі Ракаўскага сельсавета. Большасць уласнікаў апошні раз напачатку лютага наведваліся на свае сядзібы. Прыехаўшы ўсяго праз месяц, адразу ж заўважылі, што на іх маёмасць паквапіліся іншыя. Нажывай сталі медныя і тэлевізійныя кабелі, электрапрыборы, камп’ютарныя калонкі, газавыя балоны, слоікі з зімовымі закаткамі. Матэрыяльны ўрон, нанесены кожнаму з прыватнікаў, ацэньваецца некалькімі мільёнамі рублёў.

НІ РОЖКАЎ, НІ НОЖКАЎ

не засталося ад 4 цялят, якія зніклі з малочнатаварнай фермы “Запур’е” філіяла № 7 ААТ “Белтрубаправодбуд” у ноч на 4 сакавіка. Аператыўнікі на месцы злачынства знайшлі толькі два акуркі ад цыгарэт і шпагат. Вартаўнік на ферме быў, толькі дзе знаходзіўся і што ахоўваў – невядома.

Праз некалькі дзён траіх цялят недалічыліся і на ферме КСУП “Сугвазды-Агра”. Аб здарэнні ў дзяжурную часць паведаміў старшыня гаспадаркі.

ЛЁГКІ ЗДАБЫТАК – ЛЁГКІ ПРАЖЫТАК

Пра папярэджванне банка аб тым, што пін-код з’яўляецца строга канфідэнцыяльнай інфармацыяй, некаторыя ўладальнікі забываюцца. Менавіта гэта акалічнасць і дапамагае нячыстым на руку людзям без праблем з чужой карткі зняць грошы ў банкамаце. Падобная гісторыя адбылася і з работніцай валожынскага ўнівермага, якая пакінула сумку ў складскім памяшканні. У гэты момант туды наведаўся асуджаны, які адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу. У выніку ў тры заходы з прамежкам у паўгадзіны ён завалодаў 440 тысячамі рублёў. Неўзабаве злачынцу дапамаглі вылічыць работнікі банка.

НЕБЯСПЕЧНА ДЛЯ СЯБЕ

Супрацоўнікі міліцыі доўга сачылі за адным з непрацуючых жыхароў Віцебска, які займаўся незаконным продажам цыгарэт. Гандляваў таварам па ўсёй краіне, а вось трапіў, як кажуць, на мушку ў Ракаве: пры праверцы яго аўтамабіля работнікамі ДАІ былі знойдзены 15 тысяч пачак цыгарэт “Фэст” на 39 мільёнаў рублёў. Праз некалькі дзён такім жа чынам каля Белакораца затрыманы жыхар Гродзенскай вобласці, у багажніку машыны якога захоўваліся 5 тысяч пачкаў цыгарэт такой жа маркі. А пры аглядзе аўтамабіля прадпрымальніцы з Іўя былі знойдзены цыгарэты “Кент” амаль на 42 мільёны рублёў.

ЧУЖЫЯ ПАМЫЛКІ

НЕ ВУЧАЦЬ

Напрыканцы лютага з інспекцыі па ахове жывёльнага свету паступіла паведамленне, што ў лясным масіве каля дарогі Сівіца-Рудня выяўлены сляды незаконнай здабычы жывёлы. Высветлілася, што непрацуючы жыхар Івянца, маючы незарэгістраванае паляўнічае ружжо, застрэліў у лесе каля Сівіцы самца казулі. Матэрыяльны ўрон, нанесены лясной гаспадарцы, ацэнены ў 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Па факце браканьерства ўзбуджана крымінальная справа, якая пагражае пазбаўленнем волі да 6 гадоў.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 



Добавить комментарий