АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА САКАВІК 1967 ГОДА

Культура

ВЫСОКІ ДАВЕР

У Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі выбраны па нашым раёне наступныя дэпутаты:

Аляксандр Аляксандравіч Забела, трактарыст саўгаса “Ракаўскі”, Яршэвіцкая акруга;

Андрэй Ягоравіч Раханаў, першы намеснік старшыні выканкама Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных, Івянецкая акруга;

Феафанія Іванаўна Сліж, загадчыца фермы калгаса імя Чапаева, Забрэжская акруга;

Фёдар Анісімавіч Сурганаў, другі сакратар ЦК КПБ, Валожынская акруга.

ДА ЗОРАК СУСВЕТУ

Аб гэтым “Працоўная слава” паведамляла 8 сакавіка:

У Вярхоўны Савет СССР у 1966 годзе выбрана 425 жанчын – 28 працэнтаў агульнай колькасці дэпутатаў. Адзначым, што ў ЗША ў саставе Кангрэса 89-га склікання было толькі 12 жанчын.

У СССР амаль 90 тысячам маці, якія нарадзілі і выхавалі па 10 дзяцей, прысвоена ганаровае званне “Маці-гераіня”. Мільёны жанчын, якія выгадавалі 5-8 і больш дзяцей, узнагароджаны медалямі “Медаль мацярынства” і ордэнамі “Мацярынская слава”.

За баявыя подзвігі і мужнасць, праяўленыя ў суровыя гады вайны, слаўным жанчынам СССР уручана больш за 1 мільён 180 тысяч ордэнаў і медалёў.

ГАРТАЮЧЫ КНІГУ ГОНАРУ

У калгасе імя К. Маркса заведзена Кніга гонару, прысвечаная 50-годдзю Савецкай улады.

Адной з першых у юбілейную Кнігу гонару занесена перадавая свінарка Яўгенія Аляксееўна Адамовіч. Добрая слава ідзе пра гэту працаўніцу ў арцелі. За сваю плённую працу яна ўдастоена ўрадавай узнагароды – ордэна “Знак пашаны”.

У Кнізе гонару красуюцца партрэты камбайнераў Баляслава Іосіфавіча Сушы і Часлава Адамавіча Чарняўскага, даяркі Яніны Іванаўны Пташнік, шафёра Уладзіміра Тарасавіча Дудко і інш. Дарэчы, Б. І. Суша занесены на абласную Дошку гонару.

СЯЛЯНСКІ БУНТ У ПЯРШАЯХ

Піша ў рэдакцыю кіраўнік краязнаўчага гуртка Пяршайскай сярэдняй школы М. Ганчарык: “Адной з самых цікавых і пакуль што слаба вывучаных вех у жыцці Пяршайшчыны з’яўляецца сялянскі бунт 1905 года.

Тады ў снежні сяляне вёсак Ляшчоўцы, Паморшчына і іншых у колькасці каля 300 чалавек з’явіліся з чырвонымі сцягамі ў маёнтак Пяршаі, які належаў графу Тышкевічу, і патрабавалі ўступіць ім частку лесу. А калі ім было адмоўлена, сяляне заявілі, што прыступяць да самавольнай парубкі лесу. Паўстаннем кіравалі сяляне Шашкевіч з вёскі Пяршаі, Шаўлоўскі з Канюшаўшчыны і Шакун з Капусціна. Па вуліцах Пяршаяў былі вывешаны лозунгі: “Далоў царызм!”, “Няхай жыве народнае права!”. Служачыя графа Тышкевіча запатрабавалі павышэння заработнай платы. Паўстаннем кіраваў сын мясцовага настаўніка, сацыял-дэмакрат Мікалай Аляксандравіч Баўздзей.

Для расправы з пяршайскімі сялянамі мінскі губернатар тэрмінова накіраваў узвод казакоў. Прыехаўшы ў Пяршаі, карнікі засталі тут паўсотні салдат Данскога казацкага палка, высланых віленскім губернатарам. Сяляне былі пакараны бізунамі, а кіраўнікі паўстання Шашкевіч і Шаўлоўскі асуджаны на 3 гады катаргі, якую адбылі на Салавецкіх астравах”.

ЗАСЛУЖАНЫЯ КАЛГАСНІКІ МАЮЦЬ ПРЫВІЛЕІ

Васілію Бандарыку з вёскі Доры і Анастасіі Кароль з вёскі Нелюбы амаль па 70 гадоў, але гэтыя людзі працягваюць актыўна ўдзельнічаць у грамадскай працы. Штогод на палявых і іншых работах кожны з іх выпрацоўвае звыш 200 працадзён. З ветэранаў працы бяруць прыклад маладыя хлебаробы.

На агульным сходзе членаў сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” аднагалосна прынята рашэнне прысвоіць ім ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”. Гэта званне прысвоена таксама Лідзіі Пашкуць, Анастасіі Смольскай, Марыі Сухадольскай і іншым перадавым калгаснікам. Усім ім прадастаўлена права бясплатнага карыстання радыё, электрычнасцю і аўтатранспартам для дастаўкі паліва.

ФРУКТОВА–ЯГАДНАГА ПАВІДЛА – 6 ТОН

Больш разнастайнай і дабраякаснай прадукцыі для насельніцтва – такі дэвіз рабочых і служачых Івянецкага плодакансервавага завода.

Каля 20 відаў кансерваў, 12 гатункаў безалкагольных напіткаў, 3 гатункі цукерак “карамель” вырабляецца на заводзе і разыходзіцца па гандлёвых кропках рэспублікі.

За апошні час тут асвоена некалькі відаў новай прадукцыі. Так, напрыклад, фруктова-ягаднага павідла выраблена ўжо 6 тон. Выпушчана паўтары тоны журавіннага соку. Пакупнікі атрымалі 10 тысяч бутэлек новага напітку “Саяны”. Плануецца выпусціць у красавіку вострую таматную сумесь, а ў маі – новыя кансервы – смажаную бульбу з грыбамі.

МАЛІЙЦЫ – У ГОСЦІ ДА ВАЛОЖЫНЦАЎ

У Валожынскай СШ № 1 адбылася сустрэча піянераў з прадстаўнікамі афрыканскага кантынента – малійцамі. Юныя ленінцы сустрэлі сяброў і правялі іх у прыгожа аформленую залу.

Гучаў “Гімн дэмакратычнай моладзі свету”, які лепш усякіх слоў гаворыць аб дружбе паміж народамі, міры і шчасці. Сябрам з Афрыкі піянеры падарылі альбом аб У. І. Леніне, беларускія сувеніры.

Ад імя гасцей выступіў Мамаду Джакітэ, які гаварыў аб вялікай дружбе савецкага і малійскага народаў, аб тым, што дзякуючы дапамозе СССР, рэспубліка Малі зрабіла вялікія поспехі ў развіцці эканомікі, культуры.

Сваім сябрам з далёкай Афрыкі школьнікі прысвяцілі віхурную беларускую польку, рускі карагод і гуцульскі танец. Пад “Летку-еньку” танцавалі і гаспадары, і госці. У заключэнне валожынскія піянеры праспявалі песню аб міры, якая выконвалася на французскай, нямецкай і рускай мовах, – “Хай заўжды будзе сонца!”

18 ТОН УГНАЕННЯЎ – НА ГЕКТАР

У калгасе імя Куйбышава вядзецца нарыхтоўка тарфяной крошкі.

Гарыць работа ў руках механізатараў. Напрыклад, Браніслаў Казакевіч і Мечыслаў Зайкоўскі ў бягучым годзе трактарам “ДТ-54” вывезлі ад жывёлагадоўчых памяшканняў больш за 730 тон тарфакрошкі, а шафёр Вячаслаў Гасціловіч на аўтамашыне “ГАЗ-93” даставіў яе 105 тон. Акрамя тэхнікі выкарыстоўваюць і жывую цяглавую сілу. Больш за 70 коней дастаўляюць гной на поле.

Лепш чым у іншых ідзе нарыхтоўка кампостаў у другой паляводчай брыгадзе, якой кіруе Аляксандр Акотчык. На гектар яравога кліну тут вывезена па 18 тон арганічных угнаенняў.

У ПТУШКАВОДАЎ

У саўгасе “Ракаўскі” хмеляводства з’яўляецца падсобнай галіной вытворчасці. Летась гэта расліна займала дзевяць гектараў. Вырасцілі добры ўраджай. Валавы збор хмелю – 103 цэнтнеры.

Добра ведае справу звеннявая Фаіна Курыла і члены звяна Зінаіда Руда, Аляксандра Курыла, Марыя Забела.

Яшчэ з восені на плантацыі вывезлі арганічныя ўгнаенні. На кожны гектар іх далі па 20 тон. Перад надыходам зімы хмель старанна ўкрылі. На працягу лета правялі некалькі праполак, падкармілі мінеральнымі ўгнаеннямі. Пабудавалі ўласную сушыльню, прапускная магчымасць якой – 500 кілаграмаў у суткі.

ТАК ТРЫМАЦЬ, ЖЫВЁЛАВОДЫ!

У калгасе “Радзіма” плённай працай адзначаюць юбілейны год Савецкай улады свінаводы Вацлаў Рынкевіч, Браніслава Карповіч, Вольга Вяршыцкая і Алімпіяда Ліштван. За мінулыя два месяцы яны знялі з адкорму 650 свіней жывой вагой кожнай галавы да ста кілаграмаў.

Даглядчыкі буйной рагатай жывёлы адправілі 223 галавы маладняку. Уладзімір Болвах, Іосіф Калітнік адкармілі сто галоў жывёлы. Пры рэалізацыі кожная важыла ў сярэднім 230 кілаграмаў.

Дзяржаве ўжо прададзена 110 тон мяса – амаль выканана гадавое заданне.

ЦІ ВЫСОКАЯ Ў НАС КУЛЬТУРА ГАНДЛЮ?

Са справаздачы сходу Валожынскага гарпо:

Старшыня рабкома раённага аб’яднання  “Белсельгастэхніка” У. Глябовіч зазначыў, што абсталяванне магазіна і сталовай, якія абслугоўваюць механізатараў, не адпавядае сучасным патрабаванням. Тут адсутнічаюць халадзільныя прылаўкі, няма ні электрычнай, ні газавай пліт. Асартымент страў у сталовай даволі бедны.

Упаўнаважаны пайшчык Л. Уланчык указаў на неабходнасць больш культурна абслугоўваць пакупнікоў, улічваць і задавальняць іх попыт. Ён сказаў, што асобныя работнікі ўнівермага выдзяляюцца грубасцю. Тавараў ва ўнівермагу мала. Упаковачную паперу прадаўцам зусім не даюць, і прыходзіцца загортваць пакупку ў што папала.

Былі выказаны заўвагі ў адрас праўлення гарпо і райспажыўсаюза затое, што тавары ў магазіны нярэдка паступаюць са спазненнем. Бываюць у продажы няякасныя хлебабулачныя вырабы. Недастаткова вядзецца барацьба з распіццём спіртных напіткаў у чайных.

40 АЎТОБУСАЎ – ПРАЗ АДНУ ВЁСКУ

Быў такі час, калі з вёскі Пяршаі да Мінска людзі дабіраліся ўвесь дзень. А то і цэлыя суткі патрабаваліся. Іншы малюнак цяпер. Пяршаі не прыблізіліся да Мінска. А час язды да сталіцы для любога пасажыра складае менш гадзіны.

Бадай, не знойдзеш у раёне такую вёску, як Пяршаі, праз якую так многа курсіруе цяпер аўтобусаў. Ідуць яны ў напрамках Мінска, Гродна, Ліды, Ашмян, Валожына, Івянца. Да 40 аўтобусаў праходзяць штодзённа праз дыспетчарскі пункт.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий