У адпаведнасці з заканадаўствам нарыхтоўваць сок можна толькі ў насаджэннях, прызначаных для рубак галоўнага карыстання, але не раней, чым за пяць гадоў да ўзросту спеласці дрэў.
Пры нарыхтоўцы бярозавіка важна захаваць тэхналогію і выконваць правілы нарыхтоўкі соку:
– колькасць падсочных адтулін залежыць ад дыяметра дрэва (пры дыяметры 20-26 см – адна адтуліна; пры дыяметры 27-34 см – дзве адтуліны; пры дыяметры 35-40 см – тры адтуліны; пры дыяметры звыш 40 см – чатыры адтуліны;
– каналы для падсочных адтулін свідруюць з некаторым ухілам уніз для лепшага сцёку соку. Дыяметр канала – 1 см, глыбіня – 2-3 см без уліку таўшчыні кары;
– новая адтуліна павінна быць прасвідравана на адлегласці не менш за 20 см ад старой;
– для сцёку соку ўстаўляецца жалабок, выраблены з нержавеючай сталі або са свежазрэзаных пабегаў ляшчыны, клёна ці ліпы;
– пасля заканчэння сезона падсочныя адтуліны павінны быць закрыты драўляным коркам і замазаны варам, садовай маззю, глінай з вапнай або жывіцай, якая ўтрымлівае 15-20 працэнтаў драўніннага вугалю, для папярэджвання захворвання дрэў.
Нарыхтоўка соку на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, парушэнне тэхналогіі нарыхтоўкі вядуць да накладання штрафу, максімальны – 500 базавых велічынь.
Нарыхтоўка бярозавіка на тэрыторыі Валожынскага лясгаса дазволена ва ўсіх лясніцтвах, бо праводзіцца ў зонах са шчыльнасцю забруджвання глебы да 15 Кі/км2, з абавязковым радыёметрычным кантролем.
Пры нарыхтоўцы бярозавіка неабходна ведаць, што:
– канцэнтрацыя радыяцэзію ў бярозавіку залежыць ад умоў росту насаджэнняў. У вільготных умовах утрыманне цэзію-137 у соку ўзрастае ў 3 разы;
– у канцы перыяду падсочкі канцэнтрацыя радыяцэзію ў соку ўзрастае ў 2 разы;
– ёмістасць для збору і латок павінны быць закрытыя, каб прадухіліць забруджванне соку смеццем і пылам, якія ўтрымліваюць радыеактыўныя рэчывы.
Праверыць прадукцыю на ўтрыманне радыяцэзію можна на пасту радыяцыйнага кантролю па адрасе: г. Валожын, вул. Садовая, 3.
Людміла ЧЭРНІК,
інжынер-радыёлаг
Валожынскага лясгаса.