САМАЦВЕТ НА ГАЛОЎНАЙ ПЛОШЧЫ

Общество

Нядаўна споўнілася сорак гадоў валожынскаму кінатэатру “Юнацтва”. Напярэдадні святочнай даты мы сустрэліся з дырэктарам Валожынскага філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” Людмілай Аляксандраўнай МАХНІЦКАЙ, каб узгадаць падзеі апошніх гадоў і абмеркаваць сітуацыю з шырокаэкранным кіно ў раёне ў цэлым.

Гаспадыня дырэктарскага кабінета сустрэла ветліва. Сціплая ўтульнасць, няўлоўная атмасфера кулуараў культурнага жыцця. Мне трэба пачынаць размову, задаваць пытанні, аднак ад адчування спакою хочацца паглыбіцца ў добрыя ўспаміны.

Крыху больш за месяц таму маёй дачцэ споўнілася чатыры гады. Я палічыў, што надышоў час, калі да “агульнадзіцячых” падарункаў трэба дадаць нешта больш тонкае, духоўнае, культурнае. І падараваў дачце, якая дагэтуль думала, што мультфільмы можна глядзець толькі на запаветным бацькавым наўтбуку, паход у кіно на новы мультфільм. Так і патрапіў я ўпершыню ў валожынскі кінатэатр. І здзівіўся ад душы. Людзі, якія сустрэлі нас, былі ветлівыя і адкрытыя, памяшканні – зручныя і ўтульныя, глядзельная зала – проста сучасная, функцыянальная і нейкай зусім “сталічная”. Нягледзячы на тое, што нас было толькі трое, сеанс не адмянілі. Мы атрымалі шанц зведаць сапраўдную асалоду – і ад вясёлай анімацыі, і ад выдатнага гуку, і ад чыстай і якаснай “карцінкі” на экране.

І вось зараз мая субяседніца Л. А. Махніцкая расказвае мне аб тым, якім чынам Валожын атрымаў такі адметны цэнтр культурнага жыцця.

Менш за шэсць гадоў таму было прынята рашэнне Мінаблвыканкама аб пачатку рэканструкцыі і капітальнага рамонту кінатэатра. Будынак быў значна расшыраны, акрамя поўнага пераабсталявання існуючых памяшканняў, “Юнацтва” атрымала новы гардэроб, артыстычную, адміністрацыйны корпус. Ідэя стварыць кінатэатр, які б не меў аналагаў у раённым маштабе ва ўсёй Беларусі, хаця і абышлася бюджэту ў больш за два з паловай мільярды рублёў, аднак была, на думку Людмілы Аляксандраўны Махніцкай, адназначна вартая падобных затрат.

Сённяшні кінатэатр – сапраўдная падстава для гонару. Абсталяванне таго ўзроўню, што выкарыстоўваецца сёння ў “Юнацтве”, можна знайсці далёка не ва ўсіх сталічных кінатэатрах. Глядзельная зала, якая можа змясціць ажно 336 чалавек, выканана ў сучасным стылі “хай-тэк”. Для аддзелкі былі падабраны спецыяльныя акустычныя матэрыялы, якімі пакрыты не толькі сцены, але і падлога, і нават столь! Для праекцыі фільмаў усталявана новае прафесійнае абсталяванне, вырабленае ў Чэхіі. Трансляцыя гука адбываецца па сусветным стандарце “Долбі Дзіджытал”.

Паступова наша размова змяняе рэчышча. Ці адпрацоўвае кінатэатр тыя грошы, якія былі выдаткаваны на яго рэканструкцыю?  Людміла Аляксандраўна ўпэўнена, што рэканструкцыя прынясе свой плён. У першую чаргу, абноўлены кінатэатр стаў значна больш заахвочваць прыходзіць сюды не толькі моладзь, але і людзей сталага ўзросту. Амаль што кожны тыдзень прыязджаюць гледачы з няблізкага Маладзечна, спецыяльна арандаваўшы для гэтай мэты мікрааўтобус. Нават мінчане, што гасцююць у Валожыне, з задавальненнем наведваюць кінатэатр. Школьнікі ўсё часцей становяцца гледачамі як спецыяльна арганізаваных сеансаў, так і звычайных паказаў. Аднак…

Калі параўноўваць папулярнасць шырокаэкраннага кіно сярод валожынцаў і жыхароў іншых раёнаў Беларусі, то сітуацыя выглядае, на жаль, не так аптымістычна. Нягледзячы на зусім невысокі – у параўнанні з іншымі кінатэатрамі краіны – кошт білетаў, колькасць гледачоў-валожынцаў зусім невялікая. Па сутнасці, кінатэатр рэалізуе свае магутнасці на дастаткова невялікі працэнт. Калектыў, якім кіруе Л. А. Махніцкая, робіць шмат, каб змяніць становішча. Апошнім часам добры вынік стала даваць праца з прафсаюзнымі камітэтамі розных устаноў. Асноўныя “оптавыя” пакупнікі білетаў – райаграпрамтэхніка, работнікі банкаўскіх устаноў.

Людміла Аляксандраўна распавядае, як удалося сабраць на прагляд нядаўняй прэм’еры, аб якой гэтак шмат “шумелі” самыя розныя СМІ, – фільма “Высоцкий. Спасибо, что живой” – каля 600 чалавек. А мне ўзгадваююца яе нядаўнія словы аб тым, як у раённым цэнтры суседняга Дзяржынскага раёна мясцовы кінатэатр збірае па палове тысячы гледачоў амаль што кожныя выхадныя… На думку маёй субяседніцы, гэта агульная праблема для сельскагаспадарчых раёнаў – людзі цяжкія на пад’ём, недастаткова падрыхтаваныя да ўспрыняцця каштоўнасцей нематэрыяльнага плану.

Але ж і мне, і дырэктару Валожынскага філіяла КУП “Мінаблкінавідэапракат” хочацца верыць, што праблема ўсё ж такі вырашальная. Цікавасць новага пакалення да кіно відавочна ўзрастае. Абсалютная большасць сённяшніх гледачоў – моладзь. Праца па эстэтычным выхаванні цяперашніх школьнікаў дае свой плён. Наведвальнікі своеасаблівых дыскатэк для падлеткаў, якія кожны тыдзень ладзяцца ў выдатна абсталяваным фае кінатэатра, усё часцей вяртаюцца ў яго ўжо ў якасці гледачоў. Паводле дадзеных, якія збіраюцца супрацоўнікамі “Юнацтва”, рэйтынгі карцін, што дэманструюцца, амаль поўнасцю супадаюць з адпаведнымі рэйтынгамі як у Расіі, так і ў астатнім свеце. Гэта гаворыць аб тым, што мы ўсё ж такі не стаім збоч ад агульнасусветных тэндэнцый.

– Ці ёсць у калектыву кінатэатра правілы, якіх ён трымаецца, нягледзячы ні на што? – цікаўлюся я.

– Безумоўна – усміхаецца Людміла Аляксандраўна. – Напрыклад, мы ніколі не адмяняем сеанс з-за таго, што сабралася мала людзей. Нават калі прыйшлі два-тры чалавекі, будзем дэманстраваць фільм. Бо калі адмовіць чалавеку аднойчы, то ён можа больш ніколі не вярнуцца. А так застануцца добрыя ўражанні, і глядач не толькі захоча вярнуцца, але яшчэ і сяброў прывядзе!

І яшчэ адзін прынцып, якога трымаецца кінатэатр – паказ толькі самых “свежых”, прэм’ерных фільмаў. Лічбы па-сапраўднаму ўражваюць. За мінулы год былі прадэманстраваны восемдзесят сем прэм’ер. Гэта значыць, што здараліся і два прэм’ерныя паказы на адзін тыдзень!

Я цікаўлюся ў дырэктара, якога паспеў палічыць сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе, адкуль бяруцца фільмы, прызначаныя для паказу і наколькі яны дарагія.

– Закупка фільмаў праводзіцца на кінарынку ў Маскве, – тлумачыць Людміла Аляксандраўна. – А кошты бываюць розныя. У сярэднім – каля трыццаці тысяч долараў. Аднак для некаторых карцін, напрыклад, для фільмаў накшталт “Піратаў Карыбскага мора” – сума можа быць у некалькі разоў большая.

Я слухаю сваю субяседніцу і думаю аб тым, што ўражанне, якое склалася падчас майго першага наведвання кінатэатра “Юнацтва”, аказалася цалкам правільным. Сустрэча з кіраўніком кінатэатра толькі ўмацавала ўпэўненасць – гэта тое месца, куды варта не проста хадзіць, а хадзіць часта!

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий