ПАДПАЛ – ЗЛАЧЫНСТВА СУПРАЦЬ ПРЫРОДЫ

Закон и порядок

Вясной, калі растае снег і агаляецца глеба, некаторыя лічаць неабходным выпальваць сухую леташнюю траву. Аднак тыя, хто сцвярджае, што гэта карысна, памыляюцца самі і ўводзяць у зман іншых. Кожны акт падпалу – злачынства супраць прыроды. А галоўная небяспека заключаецца ў правакаванні лясных пажараў і разбурэнні біяцэнозу экасістэмы.

Травяныя пажары прыводзяць да відавочнага зніжэння ўрадлівасці глебы. Гэта адна з галоўнейшых крыніц выкіду вуглекіслага газу ў атмасферу, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Пры частых пажарах згарае не толькі сухая трава, але і назапашаная ў глебе мёртвая арганіка. А гэта ўзмацняе так званы “парніковы эфект”. У выніку выпальвання сухой травы збядняецца відавы склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. Усюды, дзе прайшлі палы, ужо не будзе папярэдняга разнатраўя, пустазелле “захопіць” вызваленую тэрыторыю. Пры моцным травяным пажары гінуць амаль усе жывёлы, што знаходзяцца ў сухой траве або на паверхні глебы. Нехта згарае, нехта задыхаецца ў дыме. На пажарышчах вельмі часта можна ўбачыць абгарэлыя птушыныя гнёзды са слядамі яек, абгарэлых смаўжоў, грызуноў, дробных млекакормячых. Пакутуюць і дрэвы, асабліва іх карнявая шыйка – вельмі ўразлівае месца прама над зямлёй. Ад высокай тэмпературы абгараюць набухаючыя пупышкі, а гэта вельмі шкодзіць дрэву, нават калі яно выжывае. Дым ад палу едкі, цёмны, густы. Часта ў сухой траве схавана смецце, у тым ліку і небяспечнае для спальвання – пластыкавыя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты і інш. У сельскай мясцовасці ў агні згараюць рэшткі мінеральных угнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні. Палы часта прыводзяць да ўзгарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў. Штогод 10-12 працэнтаў лясных пажараў у рэспубліцы ўзнікае па прычыне правядзення веснавых палаў.

У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце” выпальванне сухой расліннасці (сухіх дзікарослых раслін) і яе рэшткаў на корані забараняецца (!). Згодна з правіламі пажарнай бяспекі ў лясах у перыяд з моманту сходу снегавога покрыва да наступлення ўстойлівага дажджлівага надвор’я забараняецца: распальваць вогнішчы ў хваёвых маладняках, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветравалах і бураломах), тарфяніках, у месцах з сухой травой, пакідаць агонь без нагляду, а таксама непатушаныя крыніцы гарэння (запалкі, акуркі і інш.). Развядзенне вогнішчаў, у тым ліку з выкарыстаннем такіх прыстасаванняў, як мангал, барбекю, грыль, газавыя пліты і інш., дапускаецца толькі на абсталяваных пляцоўках, акрэсленых мінералізаванай (ачышчанай да мінеральнага слою глебы) паласой шырынёй не менш за 0,25 метра, а таксама ў месцах, дзе не будуць пашкоджаны агнём кроны, ствалы, карнявыя лапы дрэў.

Калі вы заўважылі пажар, не праходзьце міма. Траву, якая толькі пачынае гарэць, можна патушыць самастойна. Адчуўшы пах дыму, падыдзіце бліжэй і даведайцеся, што гарыць. Залівайце агонь вадой з бліжэйшага вадаёма, засыпайце пяском.

У адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адміністрацыйных правапарушэннях” за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў на палетках ці непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. А згодна з артыкулам 15.58 кодэкса за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджванне або штраф да 12 базавых велічынь.

Сяргей МІКЕНЯ,

намеснік дырэктара ДЛГУ “Валожынскі лясгас”.

 



Добавить комментарий