ПАРАДАК НА АБ’ЕКТАХ – БЯСПЕКА Ў ГАСПАДАРЦЫ

Закон и порядок

Штогод у гаспадарках аграпрамысловага комплексу адбываюцца пажары, якія прыносяць вялікія матэрыяльныя страты. Агонь знішчае кармы, угнаенні, нярэдка гінуць людзі, жывёла. Часцей гэта здараецца на тых аб’ектах, дзе не забяспечана выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пажарнай бяспецы”, яе забеспячэнне з’яўляецца непасрэдным абавязкам кіраўніка і службовых асоб арганізацыі.

У адпаведнасці з каардынацыйным планам кантрольнай дзейнасці па Мінскай вобласці на I паўгоддзе 2012 года ўжо праведзены планавыя праверкі некаторых сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый раёна. Сярод іх – КСУП “Падбярэззе”, ПБУП “Воана-Буд”, СП “Арыентыр-Інтэрнацыяналь” ААТ, УАЗ “Гарадскі дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі “Пралеска” і інш. У некаторых з іх кіраўнікі і службовыя асобы адносяцца фармальна да забеспячэння пажарнай бяспекі. Так, у ходзе праверкі ў КСУП “Падбярэззе” было ўказана на 34 парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, а выканана толькі малая частка мерапрыемстваў, прадпісаных Дзяржпажнаглядам. Кіраўніцтву УАЗ “Гарадскі дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі “Пралеска” ўказана ліквідаваць 2 парушэнні. Аднак прадпісаныя мерапрыемствы выкананы толькі на 75 працэнтаў. І зараз тут існуюць парушэнні, якія патрабуюць значных матэрыяльных затрат.

На аб’екце СП “Арыентыр-Інтэрнацыяналь” ААТ у памяшканні кафэ не адрамантавана аўтаматычная пажарная сігналізацыя, сігнал аб спрацоўванні і няспраўнасці сістэмы не выведзены на пункт дыспетчарызацыі МНС “Маланка”. Будынак не абсталяваны сістэмай апавяшчэння людзей пра пажар. Перад уездам на тэрыторыю адсутнічае схема расстаноўкі транспарту. На ПБУП “Воана-Буд” выяўлены парушэнні арганізацыйнага характару.

З-за таго, што своечасова не ўстараняюцца парушэнні і недахопы, не выконваюцца патрабаванні нормаў і правілаў пажарнай бяспекі, кіраўніцтва дакладна не ведае сваіх абавязкаў і дзеянняў, на прадпрыемствах узнікаюць пажары і надзвычайныя здарэнні. Полымя паглынае будынкі, падвяргаюцца небяспецы жыцці работнікаў.

Калі такія факты маюць месца ў вашай арганізацыі, паведамляйце пра гэта ў інспекцыю Дзяржпажнагляду РАНС па нумары: 55-7-61.

Алена КАРСАКОВА,

інспектар інспекцыі Дзяржпажнагляду РАНС.

 



Добавить комментарий