БЫЦЬ У КУРСЕ ЗАЎСЁДЫ ДАПАМОГУЦЬ “ВЕДЫ”

Общество

Нядаўна ў нашым раёне прайшло планавае выязное пасяджэнне прэзідыума праўлення абласной структуры рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Веды”. Прааналізаваны стан інфармацыйна-лекцыйнай работы раённай арганізацыі па прапагандзе матэрыялаў IV Усебеларускага сходу.

У рабоце прэзідыума ўдзельнічалі: старшыня  праўлення абласной структуры “Веды” Уладзімір Мікалаевіч Дашкоў; яго першы намеснік Ігар Андрэевіч Лінкін; доктар філасофскіх навук, прафесар, намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта краіны Леў Яўстафіевіч Крыштаповіч; дэпутат Мінгарсавета Георгій Пятровіч Атаманаў; кандыдат ваенных навук Уладзімір Уладзіміравіч Язэпчык. Аўдыторыя з якой яны працавалі, была досыць кампетэнтная – прадстаўнікі ідэалагічнага актыву раёна. Прафесіянальныя лектары, дзякуючы сваім змястоўным выступленням, значна папоўнілі звесткі слухачоў па актуальных пытаннях сучаснай ідэалагічнай работы, па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, знешнепалітычнай дзейнасці нашай дзяржавы.

У склад лектарскіх груп уваходзяць кіраўнікі  прадпрыемстваў і ўстаноў, намеснікі па ідэалагічнай рабоце, кіраўнікі структурных падраздзяленняў. З найбольш вопытных лектараў сфарміравана раённае звяно.

Раённая арганізацыя “Веды” актыўна ўдзельнічае ў правядзенні юбілейных і знамянальных дат у жыцці нашай краіны. З бясспрэчным поспехам прайшлі ваенна-патрыятычныя акцыі “Салют табе, Вялікая Перамога!”, “Эстафета памяці” і іншыя. Сёлета ў раёне абласная акцыя, праведзеная ў рамках Года кнігі, таксама сабрала ўдзячную аўдыторыю слухачоў.

Структура раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Веды” складаецца з 21-й пярвічкі, у сваіх радах яна аб’ядноўвае 512 чалавек. У кожнай пярвічнай арганізацыі працуюць лектарскія групы.

Па выніках абласнога агляду-конкурсу за 2011 год  Валожынская аргструктура «БА «Веды» заняла другое месца ў Мінскай вобласці. На выязным пасяджэнні ганаровы дыплом уручаны кіраўніку гэтай грамадскай арганізацыі, намесніку старшыні райвыканкама П. І. Бібіку. Ганаровай граматай адзначана і адказны сакратар гэтай арганізацыі Л. А. Давідовіч.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий