Общество

На абедзенных сталах выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця свежая агародніна з’яўляецца раней, чым у іншых установах.

Вітамінная прадукцыя мае непаўторны водар і апетытны вонкавы выгляд, бо выпеставана ўмелымі рукамі работнікаў гэтай установы. Расаду агуркоў і памідораў вырошчваюць у сваёй прасторнай цяпліцы. А калі надыдзе час высаджваць гэтыя культуры ў грунт, пачынаецца нястомная праца па доглядзе за раслінамі. Пасільную дапамогу дарослым аказваюць і дзеці. Штогод з плантацыі, акрамя іншай агародніны, зяленіва, збіраюць каля 500 кілаграмаў агуркоў розных гатункаў і больш за 100 кілаграмаў таматаў. Частка ўраджаю ідзе на сталы ў свежым выглядзе, нямала кансервуецца і на зіму.

Сапраўднай гаспадыняй адчувае сябе ў цяпліцы Тарэса Іосіфаўна Цынкевіч. Яе асноўная прафесія – інжынер па ахове працы, а ў душы гэта жанчына апантаны аграном і дасведчаны біёлаг. Дарэчы, акрамя расады агародніны ў цяпліцы вырошчваюцца і разнастайныя віды кветак. А па вясне яны ўпрыгожваюць тэрыторыю дома-інтэрната.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий