ЗНАЙШЛА БАЙЦА ЎЗНАГАРОДА

Официально

70 гадоў мінула з той пары, як савецкія салдаты адагналі прэч ад Масквы войскі фашысцкіх акупантаў. У контрнаступальных баях поплеч з рускім ішоў грузін, украінец, беларус… У нашым раёне жыве адзіны сведка тых даўніх падмаскоўных падзей. У Івянцы, дзе ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Міхайлавіча Салаўёва паважаюць і цэняць, у гонар франтавіка наладзілі сапраўднае свята.

Падставай стала ўручэнне памятнага знака “70 гадоў бітвы за Маскву”, вырабленага спецыяльна да гэтай знамянальнай даты ад імя мэра Масквы Сяргея Сабяніна. Каб падтрымаць воіна-вызваліцеля, выказаць павагу, прызнанне за ратныя подзвігі і не менш велічныя дасягненні мірнага часу, на ўрачыстасць у Івянецкі гарпасялковы дом культуры наведаліся адміністрацыя раёна і гарпасёлка, блізкія і знаёмыя Аляксандра Міхайлавіча, кіраўніцтва і прадстаўнікі шматлікіх арганізацый і ўстаноў, вайскоўцы, школьнікі і проста цікаўныя.

З гісторыі мы памятаем, што бітва пад Масквой была адной з найбольш буйных аперацый і мела вельмі важнае для пералому ходу ўсёй вайны значэнне. На маскоўскім накірунку вораг засяродзіў значныя сілы. Абураныя і ўзрушаныя, на абарону ўсталі не толькі салдаты, але і простыя масквічы. Каб выратаваць свае дамы, сем’і, жыхары сталіцы выкапалі на падыходах да горада супрацьтанкавыя равы, паставілі металічныя “вожыкі”, стварылі лясныя завалы… Да гэтай пары нашчадкі памятаюць і дзівяцца моцы духу і волі пакалення, якое прайшло праз пекла вайны. Віншавальную паштоўку з адрасным словам мэра расійскай сталіцы, дзе сярод іншага значылася і гэта сцвярджэнне, зачытаў выконваючы абавязкі ваеннага камісара раёна Ю. В. Нахай. А ўручыў памятны знак прыемна ўзрушанаму ветэрану з вялікім гонарам старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий