АНДРЭЕЎ ШЛЯХ…

Культура

Чалавечая душа – складаная рэч. Кожны з нас, безумоўна, любіць тое месца, дзе нарадзіўся, дзе гуляў з сябрамі, дзе шукаў прыгоды ды атрымліваў “на арэхі” ад бацькоў. Але гэтага мала. Нас вабяць чужыя краявіды і чужыя героі. Чужыя багацці здаюцца нам незлічонымі, а чужыя таленты – сапраўднымі і непаўторнымі. Чужыя песні гучаць для нас так грунтоўна і прафесійна, чужыя кнігі чытаюцца так цікава… Магчыма, яно і няблага. Чалавеку трэба вучыцца, “вырастаць са старой дзіцячай вопраткі”, цягнуцца за лепшым.

Аднак мае чалавечая істота выключную здольнасць ператвараць усё самае лепшае і карыснае ў большае альбо меншае зло. Вось і перарастае ашчаднасць у сквапнасць, пільнасць – у недавер, абурэнне – у нянавісць. А цікавасць да новага і чужога перарастае ў дзіўную і такую сумную непавагу да ўсяго роднага. “Ой, што вы? Што ж тут у нас можа быць добрага?” – часта фармулюе сутнасць з’явы народная гаворка. А значна раней казалі больш паэтычна: “Няма прарока ў роднай Айчыне”. Вось і праходзім мы па жыцці, захапляючыся тэлевізійнымі героямі і кінематаграфічнымі гісторыямі, не зважаючы на родных людзей, чый лёс так часта варты пісьменніцкага пяра.

На працягу многіх стагоддзяў нашы продкі шанавалі памяць сваёй зямлі і сваіх продкаў, да ўсяго замежнага ставячыся з добрай доляй недаверу. Сёння ўсё змянілася да процілеглага. І зусім нешматлікія людзі захавалі шчаслівы дар шчыра захапляцца роднымі каранямі і зачытвацца жыццяпісамі сваіх продкаў. Мне пашанцавала!

Мой дзед нарадзіўся на Палессі ажно ў 1910 годзе. Памятаю, як мяне, савецкага школьніка, уражвала гэта лічба. Тады ўся гісторыя падзялялася на дзве эпохі – “да рэвалюцыі” і “пасля”. І мой дзед быў выхадцам з папярэдняй эпохі!  Памятаю, як дапытваўся ў яго, адпачываючы на ляжанцы, аб падзеях таго часу. Аднак дарма. Дзед не расказваў амаль што нічога, бо не было – паводле ягоных слоў – “што і казаць”. Жыццё змянілася так, што гэтыя змены адгукаліся ў жыцці вялікай сям’і яшчэ доўгія гады. Стаяла на маім бацьку і кожным з шасці маіх дзядзькаў і цётак – дзяцей майго дзеда Андрэя – ажно да самага пачатку дзевяностых гадоў кляймо сына альбо дачкі “ворага народа”.

Першы раз дзеда арыштавалі ў трыццаць сёмым. Час быў цяжкі, амаль што галодны. Працы не было. І вось, пашанца-вала маладзёну Андрэю Захаранку з Васілевіч, што пад Рэчыцай, уладкавацца на працу на суседнюю чыгуначную станцыю ў Хойніках.

Ніхто сёння ўжо не ўзгадае, ці то проста час быў такі, ці то аб’ект “рэжымны”, аднак пакідаць тэрыторыю станцыі работнікам дазвалялася рэдка і толькі па афіцыйным дазволе, нібыта ў арміі. Яно б і нічога – была праца, быў заробак, быў нават прадуктовы паёк, аднак жонка з двума сынамі, меншаму з якіх было каля году, па сутнасці галадала ў зусім блізкіх Васілевічах. А паездкі дадому былі такія рэдкія. Вось і вырашыў дзед рызыкнуць…

Аднойчы ўночы, калі ўся казарма спала, ён паціху ўзняўся, прыхапіў назапашаны за некалькі дзён паёк і, хаваючыся, пабег да платформы. Начны “таварняк” спыняўся літаральна на хвіліну, але гэтага хапіла, каб падлезці пад вагон, зачапіцца за яго падчэраўе і рушыць, рызыкуючы сарвацца пад жалезныя колы вагона, на поўнач. Ад Хойнікаў да Васілевічаў крыху больш за 40 кіламетраў, гэтую адлегласць нават даваенны цягнік з паравознай цягай пераадольваў менш, чым за гадзіну. Загуменнямі, зноў хаваючыся ад выпадковых вачэй, дзед бегам дабраўся да роднай хаты, аддаў маёй бабулі – на той час дваццацітрохгадовай маладзіцы – паёк, глянуў на сонных сыноў і пабег назад да станцыі. Вяртаючыся ў хойніцкую казарму яшчэ ў начной цемры, дзед, напэўна, радаваўся, што ўсё ўдалося. Аднак ён памыліўся…

Не прайшло і некалькіх гадзін пасля пад’ёму, як па дзеда прыйшлі. Першае абвінавачанне гучала па-казённаму проста – “самавольны сыход з працы”. Спачатку арыштанта трымалі ў раённай турме. Аднак ужо праз некалькі тыдняў ён быў перасланы ў сталіцу. Добра памятаю, як і ў дзевяностыя гады дзед напружваўся, калі за вокнамі мінскага тралейбуса праплывалі высачэзныя агароджы “турмы на Апанскага”.

Перапоўненыя камеры, сціплая ежа. І сумна вядомыя частыя допыты. Маўклівы следчы, яркая лямпа прама ў вочы. Цэлыя стосы “матэрыялаў справы”. Праз пару месяцаў падкарэкціравалі абвінавачанне, якое дапоўнілася і процідзеяннем органам савецкай улады, і сабатажам, і нават “нацдэмаўшчынай”.  Зразумела, пад такое абвінавачанне былі падрыхтаваны і адпаведныя паказанні. І дзед іх падпісаў.

А потым быў лагер. Ніхто з нашай сям’і і дагэтуль не ведае нічога пэўнага аб тым часе – дзед разумеў, што родным было больш карысна не ведаць падрабязнасцей. Вядома толькі, што сам лагер размяшчаўся адносна блізка. А яшчэ – што ён быў працоўны. Некалькі гадоў бавіў дзед за калючым дротам напрыканцы трыццатых. І з кожным месяцам усё больш выразна разумеў, што шанцаў застацца жывым становіцца ўсё менш. І тады ён вырашыў ратавацца…

Гісторыя пабегу дзеда Андрэя са сталінскага лагера магла б легчы ў аснову мастацкага твора. Дасканала вывучыўшы і будову “выхаваўчай установы”, і характары наглядчыкаў ды ахоўнікаў, аднойчы ўночы, сімуляваўшы расстройства страўніка, ён папрасіўся ў прыбіральню. Прыбіральні шматтысячнага лагера знаходзіліся на самым ускрайку “зоны”, стаялі на высокіх палях і адрозніваліся агромністым памерам выграбных ям. Узброены канваір суправаджаў дзеда ажно да самых дзвярэй, аднак унутр ён зайшоў адзін. А зайшоўшы – пралез праз дзірку, павіс на руках на падпорным каркасе будынка і нарэшце саскочыў на зямлю ўжо за лагернымі агароджамі. Ці то ахоўнік позна ачомаўся, ці то пабаяўся прызнацца, што “згубіў” арыштанта, ці то проста лёс гэтым разам глянуў прыязна, аднак услед за ўцекачом ніхто не кінуўся. І ўжо праз некалькі тыдняў дзед дабраўся да родных Васілевічаў.

Другая частка дзедавай “турэмнай” гісторыі пачалася літаральна адразу ж. Бо праз некалькі месяцаў пасля вяртання з лагера прыйшла вайна. На той момант ён працаваў на чыгунцы. Стратэгічная значнасць чыгункі на той час была настолькі высокай, што чыгуначнікі амаль што прыраўноўваліся да вайскоўцаў і таму не прызываліся на фронт, мелі – як тады казалі – “браню”.  Падзеі першых тыдняў вайны разгортваліся вельмі хутка. І вось, прачнуўшыся аднойчы раніцай, не мабілізаваныя ў рэгулярную армію васілевіцкія мужчыны-чыгуначнікі зразумелі, што трапілі пад новую ўладу – нямецкую. Сур’ёзнае супраціўленне на адкрытых палях альбо балотах усходняга Палесся арганізаваць было цяжка, па меншай меры, у першыя гады вайны. Вось і трапіў мой дзед пад сваю наступную “крымінальную” характарыстыку – “пражыванне на акупіраванай тэрыторыі”. Аднак гэта быў толькі пачатак.

Жыць пад новай уладай дзеду зусім не хацелася. Ён схаваўся на гарышчы хаты, назіраючы праз шчыліны за навакольным светам ды чакаючы хуткіх змен. Аднак змен не адбывалася, тым часам як “новая ўлада” прынялася ствараць тое, што сёння мы называем “інфраструктурай” – пошту, медыцынскую дапамогу, розныя тэхнічныя службы. Зразумела, і паліцыю. Гэтая самая паліцыя і выявіла дзедаву прысутнасць на гарышчы.

Аднойчы раніцай адзін з “паліцаяў”, свой, васілевіцкі хлопец, аб якім – як ні дзіўна – ніхто ніколі дрэннага слова не сказаў, завітаў да бабулі. Прысеў, пагаварыў пра ўраджай бульбы, пра надвор’е, пра навіны. А потым і параіў, каб Андрэй кідаў дурное ды злазіў з гарышча, пакуль ім на самой справе не зацікавіліся. Стала зразумела, што тайна выкрытая, і дзед быў вымушаны “выйсці ў свет”. Зарэгістраваўшыся ва ўправе ў якасці працаздольнага, ён, як спрытны малады мужчына (і да таго ж цясляр) атрымаў пасаду ў вясковай пажарнай службе, заробак і афіцыйны статус па-за падазрэннямі нямецкіх “асабістаў”.

Амаль што паўгода дзед дастаткова спакойна жыў з сям’ёй, у якой ужо прыбавілася дзяцей, хадзіў на дзяжурствы ў пажарную часць, у вольны час цяслярыў. Аднак і гэтаму кароткаму перыяду спакою прыйшоў канец – немцы пачалі ўсё больш ваенізаваць усе, нават цалкам грамадзянскія службы. І ў рэшце рэшт дзеду выдалі вінтоўку. І гэта стала апошняй кропляй. Некалькі тыдняў спатрэбілася, каб праз знаёмых ды знаёмых знаёмых атрымаць фіктыўную медыцынскую даведку аб сур’ёзным захворванні лёгкіх, якая давала магчымасць пакінуць афіцыйную службу. Апынуўшыся на волі, дзед зноў развітаўся з жонкай ды чатырма дзецьмі і рушыў на ўсход – да лініі фронту.

Задача была ў тым, каб выбрацца з акупіраванай тэрыторыі і трапіць у дзеючую армію. Мінаючы нямецкія пасты ды кан-трольныя пункты, дзед, скарыстаўшыся дапамогай мясцовага “ляснога брацтва”, нарэшце дабраўся да неакупіраваных зямель з дзеючым ваенкаматам. З таго невядомага ваенкамата пачаўся шлях франтавога мінамётчыка радавога Андрэя Андрэевіча Захаранкі.

Ваяваў дзед тры гады. Прыкладна з пачатку сорак другога і да ранняй вясны сорак пятага. Падчас славутага штурму Кёнігсберга варожая артылерыйская міна выбухнула занадта блізка, скончыўшы вайну для васілевіцкага ваяра. Пачалася чарада шпіталяў, што цягнулася цэлы год. Толькі вясною сорак шостага здолеў трыццацішасцігадовы палескі цясляр Андрэй Захаранка вярнуцца дадому, прынёсшы з вайны “кішэню” ўзнагарод ды жменю асколкаў у нагах. А яшчэ – надзею на новае жыццё без арыштаў, турмаў ды начных допытаў.

Дома чакала сям’я, што зрабілася мен-шай – голад ды тыф прыбралі дзвюх меншых дачок. Жонка ж і пасталелыя сыны радасна сустрэлі, нарэшце, гаспадара двара ды бацьку. І ўсім здавалася, што сама радасць заканчэння страшэннай ваеннай навалы, бліскучыя франтавыя медалі ды агульная павага да сапраўднага франтавіка-пераможцы выратуюць ад новых бед. І яны ратавалі. Па меншай меры, некаторы час. Мінула пяць гадоў, нарадзіліся яшчэ трое дзетак. А потым прыйшоў чорны пяцьдзясят першы, зноў пачалася праца па выкрыцці ворагаў народа…

Падчас арышту абкружылі хату, выбілі дзверы, вывелі дзеда амаль што ў адной бялізне. На гэты раз следства не цягнулася месяцамі, бо ўсе матэрыялы былі гатовыя. Дзед раптам “ператварыўся” ў пасобніка нямецка-фашысцкіх акупантаў, амаль што ў паліцая… І вынікам стаў прысуд – пазбаўленне волі тэрмінам на сем гадоў.

Увесь свой другі тэрмін дзед адбываў на будоўлі Куйбышаўскай ГЭС у кампаніі такіх жа, як і ён сам “здраднікаў”. З рэдкіх дзедавых аповедаў пра гэты час запомніўся толькі адзін. Амаль што адзіным харчам для арыштантаў былі салёныя селядцы ў бочцы. Яны былі дастаткова смачныя, тлустыя ды свежыя. Аднак амаль што поўная адсутнасць у рацыёне вугляводаў прыводзіла да сумных наступстваў. І вось, вырашэнне праблемы прыйшло як бы само. Справа ў тым, што ў жыхароў навакольных вёсак бяда была, па сутнасці, процілеглай – яны вырошчвалі дастаткова бульбы ды хлеба, аднак пакутвалі з-за адсутнасці ў ежы бялкоў. Лагерныя баракі размяшчаліся адносна далёка, на адлегласці ў некалькі кіламетраў ад будоўлі. Кожную раніцу і кожны вечар зняволеных калонай праганялі па калідоры, абгароджаным высокім плотам. У адным з месцаў гэты калідор праходзіў зусім недалёка ад вёскі. Жыхары, ведаючы час “прагону” вязняў, падыходзілі пад самы плот і праз дзіркі паміж дошак абменьвалі бульбу ды хлебныя акрайцы на селядцоў, прыхаваных пад арыштанцкімі ватнікамі.

Увосень пяцьдзясят пятага года дзеда адпусцілі дадому. Ці то за ўдарную працу, ці то па амністыі. Саракапяцігадовы паляшук, які пятую частку свайго жыцця правёў у турмах, сталінскіх лагерах ды франтавых акопах, вярнуўся ў родныя Васілевічы. Праз некалькі дзесяцігоддзяў з дзеда знялі судзімасць, яшчэ крыху пазней – вярнулі франтавыя ўзнагароды, якіх ён быў пазбаўлены. Але ж кляймо “сын ворага народа” з ягоных дзяцей, неабходнасць амаль што ўсё жыццё пісаць выдуманыя аўтабіяграфіі, ажно да самай “перабудовы” пачатку дзевяностых зняць ніхто не мог.

З-за таго, што столькі гадоў прайшло, выкрэсленых з працоўнай біяграфіі, дзед ат-рымліваў да смешнага малую пенсію. Гэтак сама, як і бабуля, што так доўга адна гадавала вялікую сям’ю, даглядала малых дзяцей, не маючы магчымасці днямі і начамі выпрацоўваць “працадні” ў калгасах ды на мясцовых заводзіках. Але ж яны ніколі не скардзіліся. І не толькі таму, што дакладна ведалі, наколькі горшым можа быць жыццё. Але яшчэ і таму, што былі па-сапраўднаму моцнымі і годнымі людзьмі.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Усё напісанае мной – мазаіка, сабраная з кавалачкаў расповедаў ды прытчаў, расказаных дзедам за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў яго жыцця. Мы ж, унукі дзеда Андрэя, запомнілі яго зусім іншым – вясёлым, хатнім, майстравым. Ён клаў печы і будаваў хаты. Ён вучыў нас шанаваць лес і берагчы кожнае дрэўца. Ён даваў сваім сабакам ды катам такія смешныя імёны. Ён складаў песні і спяваў у царкоўным хоры. Ён верыў у Бога і праўду… І сёння я з пачуццём гонару кажу сваім дзецям: “Слухайце. Так вучыў мяне мой дзед!”

 



Добавить комментарий