Андарак для Валожынскіх модніц

Культура

У гэтым годзе я скончыла вучобу на факультэце народнай культуры (зараз – эстэтычнай адукацыі) БДПУ імя М. Танка. Тэмай свайго дыпломнага праекта выбрала жаночы касцюм Валожынскага раёна. І гэта невыпадкова. Я тут нарадзілася, і мне цікава ведаць, як апраналіся сялянкі.
Народнае адзенне беларусаў не было паўсюль аднолькавае. Кожны рэгіён вызначаўся асаблівасцямі крою, дэкору, выбару матэрыялу, спосабам нашэння і захавання архаічных рыс.
Звестак, якія б раскрывалі мастацкі вобраз народнага адзення раёна, захавалася няшмат. Адшукаць сёння ў рэгіёне народны касцюм ці нават яго частку – вялікая ўдача.
Сялянкі насілі спадніцы, фартухі і палатняныя кашулі, якія шылі з кужалю. Святочныя кашулі ўпрыгожваліся багатай вышыўкай на плячах, манжэтах рукавоў, каўнерыку. Спадніца часцей ужывалася як паўсядзённае адзенне і шылася з ільняной аднатоннай тканіны. Андарак быў з узорнага сукна ці паўсукна хатняй вытворчасці. Фартух упрыгожваўся ў ніжняй частцы вышыўкай, карункавым арнаментам. На свята апраналі світы, абувалі чаравікі, на галаву павязвалі белыя ці каляровыя хусткі.
Я наведала Валожынскі краязнаўчы музей. Там у этнаграфічнай зале выстаўлены адзенне, прадметы побыту, посуд і многае іншае.
На аснове вывучанай навукова-метадычнай літаратуры і этнаграфічнага матэрыялу фондаў музея быў распрацаваны і выраблены ў матэрыяле жаночы касцюм Валожынскага раёна: сатканыя андарак (спадніца) і пояс, раскроеныя і вышытыя кашулі, фартух, пашыты чапец.
Неабходна аднаўляць беларускія народныя касцюмы, далучаць да гэтай справы маладое пакаленне, каб яно ведала традыцыйны касцюм свайго рэгіёна.

Святлана ЖАБКО, жыхарка вёскі Дзесятнікі



Добавить комментарий