Ракаўскі след Сяргея Пясецкага

Люди и судьбы

У апошнім выданні Беларускай энцыклапедыі (2001 год) пісьменнік Пясецкі не ўзгадваецца. Затое ў Польшчы распаўсюджана прозвішча, і сам Сяргей Пясецкі і сёння на слыху. З шляхецкага роду Пясецкіх выйшлі шматлікія дзяржаўныя дзеячы Рэчы Паспалітай, іх імёны засталіся ў гісторыі.

Найбольш знакаміты носьбіт гэтага прозвішча – Сяргей Пясецкі – аўтар 13 раманаў і аповесцей. Самы вядомы з якіх першы – “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” – быў напісаны ў турме ўсяго за паўтара месяца. Гэты твор неаднаразова экранізаваўся, выдадзены ў многіх краінах свету, перакладзены на ўсе еўрапейскія мовы. І толькі на рускай яго не ведаюць.

Хай і невялікім тыражом, усяго ў 300 экзэмпляраў, не так даўно раман выдадзены ў нашай краіне ў перакладзе ракаўчаніна Язэпа Янушкевіча. Перакладчыка, як карэннага жыхара Ракава, нездарма зацікавіў і твор, і асоба яго аўтара. Справа ў тым, што ў жыцці Сяргея Пясецкага ёсць перыяд, які можна назваць ракаўскім. У пачатку ХХ стагоддзя, калі праз гэта мястэчка праходзіла дзяржаўная мяжа, такую акалічнасць скарысталі кантрабандысты. Для многіх гэта была адзіная крыніца існавання, некаторых вабіў сам дух свабодалюбства. Сярод тых, хто незаконна пераходзіў мяжу, быў і будучы пісьменнік. Жывыя яшчэ людзі, якія помняць хударлявага, яўна немясцовага чалавека ў акулярах. Старажылы пакажуць дом пад № 11 на вуліцы Чырвонаармейскай (чым не іронія лёсу?), якая пачынаецца адразу за адміністрацыйным будынкам сельвыканкама, дзе ён некалі кватараваў. Сама пабудова з часам пацярпела змены, той некалішні дом апынуўся як бы ўнутры цяперашняга жылля, але менавіта па гэтай зямлі хадзіў пісьменнік-кантрабандыст, і тут лунае яго вольны дух. Цяпер у доме жыве сям’я Фелікса Руткоўскага.  Дарэчы, калі тагачасны прэзідэнт Польшчы Ігнацый Масціцкі прачытаў раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, то загадаў памілаваць аўтара.

Не пакідае ў спакоі дух пісьменніка і яшчэ адну ракаўчанку – настаўніцу Галіну Андрэеўну Бянкевіч. У вольны час яна з асалодай зрабіла свой пераклад данага твора. У ліпені бягучага года сустракалася ў Варшаве з унучкай С. Пясецкага Эвай Тамашэвіч, філолагам па адукацыі. Эва падарыла настаўніцы з Беларусі цудоўна выдадзеную сваю дыпломную работу пад назвай “Зоркі Вялікай Мядзведзіцы”, у якой дадзена крытычная ацэнка ўсім літаратурным працам знакамітага дзеда. Гэта праца аздоблена фотаздымкамі пісьменніка і яго сям’і, у ёй пісьменнік прадстаўлены яшчэ і як таленавіты самабытны мастак. Жывы таксама і сын Сяргея Пясецкага, ён дарэчы, не такі ўжо і стары, 1945 года нараджэння.

Некалькі чалавек у Ракаве, сярод якіх і простая пенсіянерка Руфіна Юльянаўна Балотнік, маюць выданне рамана на польскай мове 1989 года. Пераслаў яго некалішні жыхар мястэчка. Пасля гэтага перавыдавалі “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” яшчэ неаднойчы: і ў 1990, і ў 2005 гадах. Прыцягвае ён цяперашніх ракаўчан тым, што пераносіць на стагоддзе назад, можна прачытаць і пра сам населены пункт, і пра яго жыхароў, аднавіць эпоху. А кніга на беларускай мове стала ўжо рарытэтам. Некалькі экзэмпляраў ходзяць па руках і ў Валожыне.

Наталля ШТЭЙНЕР.

Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий