СТВАРЫЛІ САПРАЎДНЫЯ ШЭДЭЎРЫ

Официально

Так цяпер па праву можна называць работнікаў раённага камбіната бытавога абслугоўвання. На адзін дзень Дом быта райцэнтра быццам ператварыўся ў Дом моды: подыум, дэфіле, прыгожыя мадэлі адзення і прычоскі, успышкі фотаапаратаў… Тут праходзіў конкурс прафесійнага майстэрства сярод швачак і цырульнікаў, прымеркаваны да Дня работнікаў бытавога абслугоўвання і 65-годдзя ўтварэння прадпрыемства. Выдатная тэхніка выканання ў спалучэнні з фантазіяй, выдумкай, вытанчаным густам дазволілі ўдзельніцам конкурсу стварыць сапраўдныя шэдэўры, а разам з тым і добры настрой гасцям свята. «Майстэрства можна праверыць толькі канчатковым вынікам працы», – у адзін голас зазначылі ўсе канкурсанткі.

Валожынскія майстры швейнага цэха распрацавалі калекцыю прыгожага і недарагога адзення да пачатку вясенняга сезона. На суд журы былі прадстаўлены 7 трыкатажных і 14 швейных вырабаў спартыўнага, дзелавога, рамантычнага, элегантнага стыляў, а таксама дзіцячая і падлеткавая лінія, якія ў будучым можна пашыць індывідуальна на заказ, улічваючы пажаданні кліентаў. А вось пашыў некаторых трыкатажных вырабаў набытае новае абсталяванне дазволіць паставіць на паток. Іх дэмакратычная цана будзе даспадобы пакупнікам.

Строгі дзелавы касцюм, лёгкія блузкі і тунікі для рамантычных спатканняў, вандровак, моднае штроксавае і джынсавае адзенне для падлеткаў, цёплыя і практычныя курткі, камізэлькі, камбінезоны для дашкольнікаў, жаночы і мужчынскі спартыўныя касцюмы – кожная з мадэляў заслугоўвае асобнай увагі. Аднак журы перш за ўсё ўлічвала складанасць пашыву, тэхналогію апрацоўкі тканіны, сучаснасць прапанаванага адзення і тое, як выглядае ў ім кліент.

Званне “Лепшая швачка Валожынскага РКБА” заслужана атрымала Ларыса Капылова. Яе мужчынскі спартыўны касцюм-тройка найбольш спадабаўся журы і гледачам. Другое месца было прысуджана Ірыне Таўгень, якая прапанавала жанчынам модны дзелавы касцюм.

Крэатыўна падышлі да конкурсу і цырульнікі. Кожная з 8 прадстаўленых на конкурс прычосак аказалася сучаснай, прыгожай і непаўторнай. “Ніка” да твару тым жанчынам, хто ўпэўнена крочыць па кар’ернай лесвіцы, “Веснавы настрой” – юным і рамантычным выпускніцам, нявестам, “Маладзёжная Класік” – падлеткам-цінэйджарам… Важнай умовай спаборніцтва было не толькі зрабіць прычоску, але і яскрава яе прэзентаваць. Лепшым цырульнікам Валожынскага РКБА жаночай залы стала Аліна Мышлён, а мужчынскай – Ірына Юхнеўская. Прыз жа глядацкіх сімпатый атрымала малады цырульнік КПП “Вішнева” Вольга Жогла. Партрэты І. Юхнеўскай і Л. Капыловай будуць занесены на Дошку гонару РКБА.

Нагрудным знакам Беларускага дзяржаўнага аб’яднання арганізацый бытавога абслугоўвання насельніцтва “Выдатнік бытавога абслугоўвання” ўзнагароджаны на свяце закройшчыца А. Кушаль і абутнік Л. Сасноўская. Нагрудны знак “Ганаровы работнік прафсаюза”, дарэчы, адзіны ў раёне, атрымала старшыня прафкама з 27-гадовым стажам А. Бандарык.

Распрацоўка ўласнай калекцыі адзення, адметны штрых у цырульніцкай справе – з’ява пакуль што рэдкая для службы быта вобласці. Гэта новы прыгожы крок у развіцці бытавога абслугоўвання і выдатны спосаб прыцягнуць новых кліентаў.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий