Абмеркавалі зробленае, акрэслілі перспектывы

Общество

У канцы мінулага месяца ў Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл у Мінску прайшоў VIII з’езд грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане».

Са справаздачным дакладам  перад удзельнікамі прадстаўнічага форуму выступіў старшыня савета ГА воінаў-інтэрнацыяналістаў палкоўнік у адстаўцы В. М. Баршчоў.

І дакладчык, і дэлегаты, якія бралі слова, адзначалі важную ролю воінаў-афганцаў у грамадска-палітычным жыцці краіны, у ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Высока ацэнена сумесная работа ветэранаў вайны ў Афганістане і грамадскіх арганізацый па выхаванні дапрызыўнай моладзі і падрыхтоўцы яе да вайсковай службы. Размова вялася і пра перспектывы «афганскага» руху.

На з’ездзе прысутнічалі і прадстаўнікі многіх міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі  грамадскіх аб’яднанняў, прыехалі таксама на мінскі форум і дэлегацыі з некаторых краін СНД.

У рэспубліканскай грамадскай арганізацыі цяпер новы лідар. Старшынёй савета ГА «БСВВА» аднагалосна выбраны генерал-маёр, камандуючы Унутранымі войскамі – намеснік міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Валерый Гайдукевіч, лёс якога таксама звязаны з Афганістанам. Будучы камандзірам роты 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі, ён у ліку першых трапіў у Афганістан, В. Гайдукевіч узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У рабоце з’езда прыняў удзел і кіраўнік Валожынскай раённай ветэранскай арганізацыі Р. М. Русакевіч.

Перад пачаткам з’езда старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура прыняў дэлегацыю сталічнай вобласці. Ён шчыра падзякаваў “афганцам” за актыўную жыццёвую пазіцыю, за вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі. Члены дэлегацыі Мінскай вобласці ў час сустрэчы ў аблвыканкаме абмеркавалі і праблемы, для вырашэння якіх патрэбна садзейнічанне з боку ўлады: гэта і пытанне паляпшэння жыллёвых умоў, забеспячэнне транспартнымі сродкамі некаторых воінаў-інтэрнацыяналістаў. У прыватнасці, па ініцыятыве старшыні аблвыканкама ў бліжэйшы час для пэўнай катэгорыі воінаў-інтэрнацыяналістаў будуць выдзелены грошы для набыцця 8-мі легкавых аўтамабіляў.

НАШ КАР.

 



Добавить комментарий