ГОРКАЯ ВАДА – ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ БЯДА

Закон и порядок

Праваахоўныя органы па-ранейшаму робяць усё магчымае для таго, каб спыніць выраб і рэалізацыю ў раёне самагону і іншых самаробных спіртаўтрымліваючых вадкасцей.

Многія гаспадары займаюцца вырабам і продажам саматужнай гарэлкі на ўласных падворках. Гэта пацвердзіў і чарговы рэйд. У сакавіку ў Івянцы і навакольных вёсках выяўлена 11 фактаў самагонаварэння, канфіскавана 11 самагонных апаратаў і каля 70 літраў самагону. Прыцягнуты да суда івянчане Варакса Дзмітрый Вікенцьевіч і Вітушка Васілій Леанідавіч, жыхарка вёскі Бурнейкі Бяляўская Марыя Уладзіміраўна – на іх сядзібах знойдзены самагонныя апараты. У жыхара Івянца Равякі Баляслава Пятровіча канфіскавана 100 літраў брагі. Па астатніх фактах праводзіцца экспертыза. 2 красавіка ў час аналагічнага рэйду па Івянцы быў канфіскаваны 71 літр самагону.

Варта папярэдзіць, што меры барацьбы з самагонаварэннем значна ўзмоцнены. З 1 красавіка павялічыліся штрафы: згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 11 за выраб і захаванне самаробных алкагольных напіткаў (самагону, брагі) прадугледжаны штраф у памеры 30 базавых велічынь, за продаж – 100 базавых велічынь. Акрамя таго, з канца красавіка для аблёту лясных масіваў Налібоцкай пушчы будзе выкарыстоўвацца верталёт УУС Мінаблвыканкама. Да супрацоўніцтва па выяўленні лясных самагоншчыкаў прыцягнуты і леснікі. У адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама, калі на абходзе лесніка будзе знойдзены самагонны апарат, а гэта значыць, ён ведаў пра факт самагонаварэння і своечасова не прыняў пэўных мер, гэты работнік таксама будзе прыцягнуты да адказнасці.

Органы ўнутраных спраў заклікаюць насельніцтва раёна да цеснага супрацоўніцтва. У Валожынскім РАУС працуе “тэлефон даверу”. Па нумары 54-0-21 вы можаце назваць асоб, якія займаюцца незаконнай рэалізацыяй спіртных напіткаў дамашняй выпрацоўкі, месцы размяшчэння міні-заводаў па іх вырабе. Прымаюцца ананімныя званкі. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца. За супрацоўніцтва добрасумленныя і пільныя грамадзяне будуць прэміраваны.

Аляксей БУКШТАНОВІЧ,

участковы інспектар РАУС, капітан міліцыі.

 



Добавить комментарий