ПРА ПЕРШАЦВЕТЫ, І НЕ ТОЛЬКІ…

Закон и порядок

Як толькі сыходзіць снег, у лесе адразу з’яўляюцца першыя веснавыя кветкі – першацветы. У Беларусі да іх адносяцца пралеска высакародная, падснежнікі, ландыш майскі і інш. А такія, як ветраніца лясная, сон-трава, першацвет высокі, пярэсна еўрапейская, раўнаплоднік васіліснікавы, фіялка багністая, занесены ў чырвоную кнігу Беларусі. У мінулым годзе пад ахову ўзята і сон-трава раскрытая.

Выязджаючы ў лес, гараджане абавязкова вязуць дадому букецік першацветаў. Аднак масавы збор падрывае колькасць іх папуляцый і здольнасць да вегетацыі, парушаецца і карнявая сістэма. Таму вакол вялікіх гарадоў іх становіцца ўсё менш. Сёння востра стаіць праблема аховы такіх раслін. У адпаведнасці з артыкулам 24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”, першацветы, занесеныя ў Чырвоную кнігу, забараняецца збіраць, перасаджваць і знішчаць. Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях прадугледжаны штрафныя санкцыі. За самавольны збор такіх раслін або іх знішчэнне на грамадзяніна будзе накладзены штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 25 да 200, на юрыдычную асобу – ад 35 да 1000. За парушэнне патрабаванняў па ахове раслін ці месцаў іх вырастання прадугледжаны штрафы: на грамадзяніна – 10-30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – 20-150, на юрасобу – 25-500. Акрамя “чырванакніжных”, у Беларусі ёсць віды першацветаў, што занесены ў Спіс раслін і грыбоў, якія патрабуюць прафілактычнай аховы: цюльпан лясны, першацвет вясенні, пралеска высакародная, хахлатка полая.

Тыя, хто збірае і прадае першацветы, знішчаюць іх, а хто купляе – дапамагаюць браканьерам. Такія кветкі лепш не чапаць, захапляйцеся імі ў прыродзе.

З сярэдзіны красавіка да канца мая на кірмашах можна сустрэць і свежую чарамшу, або мядзведжую цыбулю, – духмянае зяленіва, знешне падобнае на ландыш, а па смаку нагадвае часнок. Дзякуючы сваім харчовым якасцям, чарамша вельмі карысная, з’яўляецца першай крыніцай вітамінаў вясной. Аднак расліна гэта рэліктавая, вельмі рэдка сустракаецца ў Беларусі і таму занесена ў Чырвоную кнігу.

Месцы вырастання чарамшы патрабуюць аховы. Яшчэ некалькі гадоў таму каля пасёлка Энергетыкаў у Дзяржынскім раёне былі вялікія плантацыі гэтай расліны, зараз сустракаюцца толькі адзінкавыя экзэмпляры. Гэта вынік актыўнага збору яе мясцовым насельніцтвам. Праблема акрэслена і ў апісанні цыбулі мядзведжай у Чырвонай кнізе: “Колькасць зніжаецца ў сувязі з правядзеннем меліярацыі, а асабліва нерэгулюемым зборам і вытоптваннем насельніцтвам”.

Аналагічная сітуацыя і ў зоне адказнасці Стаўбцоўскай міжрайінспекцыі: кожную вясну складаецца шмат пратаколаў на парушальнікаў, якія затрыманы за зборам чарамшы. Супрацоўнікі інспекцыі канфіскоўвалі і вялікія партыі – па 40, 50, 120 кілаграмаў, звязаныя ў пучкі і падрыхтаваныя для рэалізацыі. А колькі яе пры зборы вытоптваецца!

Чарамшу можна вырошчваць і на дачным участку. Яна добра прыжываецца. Як толькі людзі пачнуць гэта рабіць, адразу адсеюцца тыя, хто збірае для сябе. Застануцца толькі “драпежнікі”, якім патрэбны аб’ёмы. З імі трэба паступаць па ўсёй строгасці закона. Артыкул 15.8 адміністрацыйнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае накладанне за гэта штрафа ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь. З 1 красавіка гэта сума складае ад 2 да 5 мільёнаў рублёў і за кожны кілаграм сабранай чарамшы – яшчэ 5 базавых велічынь (500 тысяч рублёў).

Рыгор КАРАТКЕВІЧ,

намеснік начальніка Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі

аховы жывёльнага і расліннага свету.

Анатолій ПАШКОЎСКІ,

начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

 



Добавить комментарий