ІНТЭЛЕКТУАЛКА, СТУДЭНТКА, СТЫПЕНДЫЯТКА…

Молодежный курьер

Адзінаццацікласніца Івянецкай СШ Кацярына Скурат атрымала дыплом II ступені па беларускай мове на IV-м заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Такі высокі вынік у гісторыі Івянецкай школы дасягнуты ўпершыню. Ды і ў раёне ў цэлым няшмат прызёраў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.

Сёлетнее інтэлектуальнае спаборніцтва па беларускай мове праходзіла ў Магілёве. Паказаць свае веды і праявіць творчыя здольнасці з’ехаліся лепшыя з лепшых – 8 каманд, сярод якіх 6 абласных, горада Мінска і ліцэя Белдзяржуніверсітэта. У агульным заліку Кацярына набрала 86 балаў, а гэта лепшы вынік у камандзе Міншчыны і пяты – у рэспубліцы.

Зараз дзяўчына занята падрыхтоўкай да выпускных іспытаў. Аднак за прадмет “Беларуская мова” ёй можна не хвалявацца: аўтаматычна 10 балаў па экзамене і ў атэстат яна атрымала яшчэ пасля абласнога тура, а пасля рэспубліканскага – і 100 балаў па цэнтралізаваным тэсціраванні. Яна ўжо студэнтка філалагічнага факультэта БДУ. Да таго ж яна мае льготу на пазачарговае бясплатнае атрыманне інтэрната. Уваходзіць івянецкая школьніца і ў спіс прэтэндэнтаў на стыпендыю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий