Не шкадуйце фінансаў

Общество

Пачаўся ацяпляльны сезон, які з’яўляецца вельмі трывожным перыядам у адносінах да пажарнай бяспекі.

Справа ў тым, што для абагравання абсалютная большасць жыхароў раёна карыстаецца печамі. Магчыма, што яшчэ не ўсе домаўладальнікі праверылі стан сваіх печаў і комінаў, а таксама правялі ачыстку дымаходаў ад сажы. Нагадваем вам аб гэтым і просім неадкладна выканаць неабходныя работы. Печ ужо сама па сабе крыніца павышанай небяспекі. Яе, калі яна паліцца, ні на хвіліну нельга пакідаць без нагляду, асабліва калі ў хаце ёсць малалетнія дзеці. Памятайце пра гэта.

Не ў лепшым стане ў многіх домаўладальнікаў знаходзіцца і электраправодка. Праверце яе і, калі патрэбна, замяніце. Зразумела, не ўсякаму захочацца для гэтага выдзяліць са свайго дамашняга бюджэту фінансы, але неабходна памятаць, што кошт пажару абыходзіцца значна даражэй, чым эканомія на дадзеных матэрыялах. Нельга карыстацца самаробнымі электраабагравальнікамі, перагружаць электрычную сетку, уключаючы адначасова некалькі электрапрыбораў, прымяняць у электралічыльніках самаробныя ўстаўкі “жучкі”.

Паважаныя грамадзяне! Клопат аб захаванасці вашага жылля і маёмасці, перш за ўсё, ваш клопат. Інспекцыя дзяржаўнага пажарнага нагляду і работнікі Валожынскага РАНС пры ўсім жаданні без вашага актыўнага ўдзелу не змогуць папярэдзіць і ліквідаваць узнікненне пажараў. З агнём жартаваць нельга, бо пажар заўсёды прыносіць вялікія матэрыяльныя страты, забірае здароўе і нават жыццё ў людзей.

Аляксандр БІБІК, намеснік начальніка аддзела па ДСНС.



Добавить комментарий