Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!

Культура

Свядома ўсклікаючы гэтыя незямныя боскія словы, мы, у Хрысце браты і сёстры, абвясчаем усяму свету, што Ісус Хрыстос самаахвярай сваёй дзеля нас і нашага выратавання зрабіў усё, каб усе, хто жыве на зямлі, і ўсё, што расце на ёй, дзякавалі Стваральніка сваім абнаўленнем, адраджэннем і вернасцю Яго Божай вялікасці. Гасподзь паўсюдна, і ўлада яго не мае межаў. Калі хто яшчэ не зразумеў гэтага, то ўсім нам трэба моцна маліцца, каб слепата гэта была як мага хутчэй абуджана і асвечана святлом Хрыстовага Уваскрэсення. Няма добрых спраў без веры, надзеі і любові да свайго Стваральніка, які з вышыні нябеснага знаходжання чакае цярпліва, як мы апраўдаем сваё чалавечае прызначэнне, праяўляючы самыя чыстыя ад любячага сэрца адносіны да сваіх блізкіх, ды і ўвогуле да ўсіх людзей. Асабліва гэта датычыцца нашай дамашняй царквы – сям’і, дзе асабліва павінны праяўляцца тыя найвялікшыя якасці любві і дабра, у якіх адлюстроўваецца наша ўнутранае аблічча: аддана служыць блізкаму ці распінаць Хрыста сваёй гордасцю і непавагай да ўсіх. Кожны з нас хоча бачыць надзейную апору ў сваіх блізкіх людзях. Але варта ведаць, што рабіць гэта неабходна, у першую чаргу, пачынаючы з самога сябе: берагчы сям’ю, калектыў, у якім мы працуем і дзе нясём грамадскі послух, прыкладам свайго жыцця; бачыць у блізкім толькі добрае і служыць гэтым якасцям душы. Дзе б мы не знаходзіліся, заўсёды варта памятаць наша чалавечае прызначэнне: народжаны чалавек вернецца ізноў у тое жыццё, адкуль прыйшоў, бо голы ты прыйшоў, голы і адыдзеш, але з якім багажом душы сваёй? Тады ўбачаць усе тваё добрае, калі праслаўляў сваім жыццём Госпада ў дабрадзейнасці, любіў блізкага свайго, як самога сябе, тады і Гасподзь Уваскрэсшы палюбіць тварэнне сваё і скажа: “Увайдзі ў радасць Госпада Бога твайго”. Іншага шляху няма, каб унаследаваць Царства Нябеснае. Стукайце і адкрыюць вам. Дзе сэрца ваша, там будзе і душа ваша. Амінь.

З Божым благаславеннем і малітваю –

Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы

ў Валожыне протаіерэй

Дзмітрый Агіевіч.

 



Добавить комментарий