АСІЛКІ СЫШЛІСЯ Ў ЛІЦЭІ…

Спорт

У 90-я гады ў нашым раёне гіравы спорт меў вялікую папулярнасць.

У мінулым у Валожыне праведзены 3 абласныя, 2 рэспубліканскія спаборніцтвы па гіравым спорце. І вось, пасля 15-гадовага перапынку, на базе сельскагаспадарчага ліцэя адбыўся чарговы Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь у доўгім цыкле з вагой гір у 32 кілаграмы.

У спаборніцтвах паўдзельнічалі амаль паўсотні спартсменаў, сярод якіх былі тытулаваныя чэмпіёны Еўропы і нават свету, у вагавых катэгорыях ад 60 да 100 кілаграмаў. Гонар нашага раёна адстойвалі ваеннаслужачы вайсковай часці 30695 Арцём Яфімаў і валожынец Яўген Вайніцкі. Дарэчы, гэты малады чалавек ужо мае поспехі ў даным відзе спорту, нядаўна выканаў нарматыў майстра спорту.

…Трымаючы ў руках 64 кілаграмы, Яўген і Арцём прадэманстравалі сілу і спрыт, штурхнуўшы гіры 37 і 19 разоў адпаведна. Але разам з тым яны пераканаліся, што працаваць ёсць яшчэ над чым: лепшы вынік спаборніцтваў – 107 штуршкоў! Так што стымул трэніравацца на будучыню закладзены.

Трэба сказаць, што гіравы спорт, як спаборніцтвы па падняцці цяжкіх рэчаў, узнік яшчэ ў сівой старажытнасці. У дні кірмашоў багатыры, паказваючы маладзецкую зухаватасць і сілу, падымалі пудовыя і двухпудовыя гіры. У асобную дысцыпліну гіравы спорт вылучыўся ў Расіі ў канцы XIX стагоддзя. Да сённяшняга дня найбольшае распаўсюджанне атрымаў у Беларусі, Грэцыі, Германіі, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Украіне і іншых краінах. З вялікім задавальненнем гэту традыцыю працягваюць і ў нашым раёне. Лепшыя і перспектыўныя гіравікі сёння – прадстаўнікі Валожынскага жылкамунгаса Віктар Сівы і Анатоль Чэрнік, а таксама Дзмітрый Халапяннікаў з Ракава. У свой час высокіх дасягненняў дабіліся ў названай дысцыпліне Генадзь Адамовіч з Багданава, івянчанін Антон Ахрэм, Дзмітрый Сліж з Гародзькаў, Дзмітрый Южко з Сакаўшчынскага сельсавета, а таксама жыхары Валожына Эдуард Матус, Васіль Ажарэльеў і неаднаразовы чэмпіён вобласці і рэспублікі Ігар Лоўчы.

Мікалай РАБЦАЎ,

галоўны суддзя спаборніцтваў.

 



Добавить комментарий