Дзень за днем

Общество

18 красавіка ў раённым Цэнтры культуры пройдзе штогадовы агляд-конкурс “Лепшая шматдзетная сям’я Валожынскага раёна-2012”. Гэта мерапрыемства традыцыйна становіцца дэманстрацыяй духоўна-сямейных каштоўнасцей, своеасаблівым абменам вопытам у выхаванні дзяцей, развіцці творчых здольнасцей. А загадзя падрыхтаваная відэапрэзентацыя ўдзельнікаў конкурсу дапаможа гледачам бліжэй пазнаёміцца з жыццём сем’яў, іх адпачынкам і інш.

 

Нядаўна ў раёне прайшла чарговая сустрэча з кіраўнікамі сялянскіх, фермерскіх гаспадарак. Фермеры распавялі аб сваіх здабытках, узнялі найбольш вострыя праблемы, для вырашэння якіх патрэбна садзейнічанне з боку адпаведных ведамстваў. Кіраўнікі фермерскіх гаспадарак атрымалі кампетэнтную інфармацыю наконт існуючых квот забеспячэння гаспадарак мінеральнымі ўгнаеннямі, сродкамі аховы раслін і інш.

Раённым краязнаўчым музеем за сродкі, выдзеленыя ў I квартале бягучага года ўпраўленнем культуры Мінаблвыканкама, набыты новыя экспанаты – дакументы польскага часу і часоў нямецкай акупацыі, бутэлькі, вырабленыя на Налібоцкай шкляной гуце, медная ступка для драблення спецый, маку (магчыма, яна належала графам Тышкевічам). Прадаставіў гэтыя каштоўныя рэчы івянчанін В. Г. Мазура.

 

У літаратурна-музычную гасцёўню “Госця нябесная” запрасіла ваеннаслужачых мясцовай вайсковай часці народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь”. На сустрэчы, прымеркаванай да Сусветнага дня паэзіі, гучалі вершы маладых і больш сталых “рунеўцаў”, песні, напісаныя на іх вершы, у выкананні артыстаў РЦК і вайскоўцаў. Напрыканцы кіраўнік творчай суполкі В. Гіруць-Русакевіч падарыла бібліятэцы часці кнігі.

 

Ва ўнівермагу і кіёсках “Белсаюздрук” райцэнтра з’явіліся ў продажы сувенірныя вырабы з вінілавага магніта з мастацкай аплікацыяй, вырабленыя сталічнай фірмай “ХітСувенір”. На гэтых магнітах адлюстраваны архітэктурныя помнікі Валожына, герб горада, выявы зуброў Налібоцкай пушчы. Новая прадукцыя найперш зацікавіць турыстаў і гасцей райцэнтра.

 

21-22 красавіка ў Спартыўна-забаўлялным цэнтры Маладзечна адбудзецца «турнір чатырох» на Кубак Рэспублікі Беларусь па гандболе сярод жаночых каманд «Гомельскі гандбольны клуб», «БНТУ — БелАЗ», «Бярэсце», «Аркатрон». Мерапрыемства такога маштабу будзе праводзіцца ў Маладзечне ўпершыню. Спадзяёмся, што прыхільнікі і балельшчыкі гандболу Валожыншчыны выкарыстаюць шанс пабываць на турніры.

 

Наш зямляк – лідар групы “Дразды” Віталь Карпанаў – па выніках беларускага нацыянальнага адборачнага туру вядомага конкурсу маладых выканаўцаў “Новая хваля”, які традыцыйна праходзіць у Юрмале, аказаўся ў ліку пераможцаў. У якасці конкурснага нумара група выканала свой хіт “Тры рублі”. Сур’ёзным экзаменам для іх стане чарговы этап конкурснага адбору, які пройдзе ў Маскве.

 



Добавить комментарий