АБАРВАНЫЯ ПРАВАДЫ – ЧАКАЙ БЯДЫ

Закон и порядок

У сельгасарганізацыях раёна распачаліся масавыя вясенне-палявыя работы. Каб папярэдзіць паражэнне электрычным токам механізатараў і вадзіцеляў грузавога транспарту, якія працуюць у ахоўнай зоне паветраных ліній электраперадач, з імі неабходна правесці інструктаж. Такая зона (адлегласцю 10 метраў) устанаўліваецца ўздож ліній у 20 кВ. Зямельныя ўчасткі ў ёй апрацоўваюцца з абавязковым выкананнем правілаў тэхнікі бяспекі.

Пры выкананні сельскагаспадарчых работ непадалёк паветраных ліній электраперадач на металічныя карпусы машын і трактароў, а таксама на металічныя трубаправоды могуць наводзіцца небяспечныя электрычныя патэнцыялы, якія выклікаюцца электрастатычнай і электрамагнітнай індукцыяй. Асаблівую небяспеку нясе непасрэднае сутыкненне транспарту і механізмаў з электрапровадам. Таму патрабаваннямі тэхнікі бяспекі забараняецца працаваць у пралётах высакавольтных ліній.

У ахоўнай зоне забараняецца ставіць стагі сена, скірды саломы, размяшчаць палявыя станы, вагоны, разводзіць полымя, працаваць пры надыходзе ці ў час навальніцы. Нельга набліжацца да апораў, дзе ёсць абарваныя правады, бліжэй чым на 20 метраў, а тым больш працаваць пад такімі правадамі. Забараняецца дакранацца да апораў, залазіць на іх або прывязваць тут жывёлу. На ўчастках, дзе няроўны рэльеф, пад правадамі ліній электраперадач нельга працаваць высокагабарытным машынам. Вадзіцелі машын і трактароў, рабочыя павінны знаходзіцца ў кабіне або пад ахоўным казырком. Рамантаваць няспраўную тэхніку ў ахоўнай зоне катэгарычна забараняецца.

Калі провад паветранай лініі ўсё ж трапіў на машыну, трэба адразу спыніць тэхніку. Калі машыну можна вызваліць ад провада, праехаўшы ўперад, зрабіце гэта. Тут жа паведаміце аб няспраўнасці ў прадпрыемства электрычных сетак. Калі машына загарэлася, вадзіцелю і рабочым трэба яе пакінуць, але так, каб адначасова не дакранацца і да машыны, і да зямлі. Таму лепш з яе саскочыць на абедзве сагнутыя нагі і аддаляцца скачкамі на такіх жа сагнутых нагах. Да прыбыцця спецыяльнай брыгады электрасетак не спрабуйце тушыць машыну самі і нават не набліжайцеся да яе.

Каб пасяўная кампанія прайшла без няшчасных выпадкаў, рэкамендуецца выконваць наступныя правілы:

– сяўбу, баранаванне, культывацыю і іншыя сельгасработы ў зоне высакавольтных ліній ажыццяўляць упоперак восі лініі;

– праязджаць машынам і механізмам пад электрычнымі правадамі неабходна каля слупоў і поперак восі лініі. Вышыня машын не павінна перавышаць 4,5 метра;

– транспарт неабходна спыняць толькі па-за зонай высакавольтнай лініі;

–  пры аварыйным спыненні любой машыны неабходна паклапаціцца пра тое, каб эвакуіраваць яе як мага хутчэй з зоны электраправодкі;

– катэгарычна забаронена запраўляць машыны і трактары палівам у ахоўнай зоне высакавольтнай лініі.

Мікалай КОСІК,

начальнік раённай інспекцыі “Энерганагляд”.

 



Добавить комментарий