ТРЫ НАВІНЫ З АДНОЙ СТАРАНЫ

Общество

Сакаўшчынскі сельсавет

1. На тэрыторыі сельсавета ёсць тры вёскі, у якіх зусім ніхто не пражывае. Вёскі Вялец і Барок апусцелі 6 гадоў таму. Хоць у Барку і значацца дзве гаспадаркі, у якіх прапісаны два чалавекі, усе дамы даўно пустуюць, а састарэлыя гаспадары пераехалі жыць да дзяцей. Нядаўна да гэтага спісу далучылася і яшчэ адна вёска – Баркі-Нізавыя. Тут на ўліку знаходзяцца тры гаспадаркі і прапісаны тры чалавекі. Аднак неўзабаве апошняя жыхарка Яўгенія Вікенцьеўна Сухадолец пераехала жыць у горад. Вернуцца ў апусцелыя вёскі вясной хіба толькі дзеці, ды і то дзеля таго, каб пасадзіць агарод. Зараз «паўнапраўнымі гаспадарамі» сталі тут дзікія жывёлы. Ласі пааб’ядалі кару на яблыневых галінках у садах, часта наведваюцца ў вёскі ў пошуках ежы казулі.

Вясковае насельніцтва з кожным годам старэе і змяншаецца. Сёння на тэрыторыі сельсавета пражывае 625 пенсіянераў, з іх каля 70 – адзінокія і больш за 400 – адзінока пражываючыя. З пачатку бягучага года ўжо зарэгістравана 20 смерцяў.

2. Вучні Сакаўшчынскага вучэбна-педагагічнага комплекса імкнуцца пераняць і захаваць традыцыі жыхароў сваёй мясцовасці. У школьным краязнаўчым музеі “Куфар жыцця” шмат наведвальнікаў. Нядаўна ў музеі пабывалі вучні і настаўнікі Івянецкай СШ. Тут госці пазнаёміліся з яго тэматычнымі раздзеламі, наведалі дзве экспазіцыйныя залы, адна з якіх прысвечана вядомаму земляку, літаратуразнаўцу і крытыку В. А. Каваленку, імя якога носіць школа, а другая – побыту і заняткам мясцовых жыхароў. Вучаніцы-дзевяцікласніцы Кацярына Карповіч, Марына Зошчык і Аліна Сельвясюк правялі для івянчан майстар-клас па пляценні паясоў “на ніту”. А ў падарунак усе атрымалі маленькія ўзоры паясоў і закладкі для кніг. Зараз у музеі працуюць выставы “Чароўныя паясы” і “Беларускія лялькі”, якія падрыхтавалі кіраўнік гуртка пры Сакаўшчынскім СДК Наталля Феліксаўна Хаванская разам са сваімі выхаванцамі. Дарэчы, Наталля Феліксаўна – вучаніца вядомай мясцовай майстрыхі Марыі Мікалаеўны Стасяловіч. Выставы наведваюць не толькі школьнікі, але і іх бацькі, мясцовыя жыхары.

3. У пачатку года ў Сакаўшчыне непадалёк магазіна “Пачастунак” у былым памяшканні калгаса, якое не выкарыстоўвалася, адкрылася станцыя тэхабслугоўвання аўтамабіляў. Да гэтага, калі ў мясцовых аўтаўладальнікаў узнікалі праблемы, дзе адрамантаваць аўтамабіль, памяняць летнюю рызіну на зімовую і наадварот, заклеіць пашкоджанае кола і іншыя, даводзілася ехаць у райцэнтр. Цяпер усё гэта можна зрабіць на месцы. СТА адкрылі два маладыя прадпрымальныя хлопцы, закупілі сучаснае абсталяванне і інструменты. А ў выніку – і мясцовым жыхарам зручна, і аўтамеханікі задаволены.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий